У Даніі новы закон: падчас атрымання грамадзянства трэба абавязкова паціснуць руку бургамістру


Парламент Даніі 20 снежня ўхваліў закон, які абавязвае паціскаць руку бургамістру падчас цырымоніі атрымання грамадзянства. Новае правіла набывае моц з 1 студзеня. Закон уводзяць праз мусульманаў, якія з рэлігійных меркаванняў адмаўляюцца ціснуць руку прадстаўнікам іншага полу, калі яны не сваякі.

«Калі вы прыязджаеце ў Данію, дзе існуе традыцыя ціснуць адзін аднаму рукі ў знак прывітання, то ігнараваць гэтую традыцыю непаважліва. Калі хтосьці не здольны на такі просты і адназначны жэст, яму не варта станавіцца грамадзянінам Даніі», – заявіў дэпутат Марцін Хенрыкс ад правай Дацкай народнай партыі, якая лабіявала прыняцце закона.

Новае патрабаванне выклікала крытыку з боку мясцовых уладаў, якія праводзяць цырымоніі атрымання грамадзянства – некаторыя лічаць, што прымушаць кагосьці да фізічнага кантакту нельга. Кіраўнікі шэрагу камунаў ужо заявілі, што гатовыя абыходзіць гэты закон.

Міністр іміграцыі, інтэграцыі і жыллёвага будаўніцтва Даніі, сябра кіроўнай ліберальнай партыі «Венстре» Інгер Стайберг падтрымлівае патрабаванне аб поціску рукі пры атрыманні грамадзянства.

«Мы ў Даніі вітаемся за руку. Так мы вітаем адзін аднаго і праяўляем адзін да аднаго павагу. Гэта зусім натуральная частка цырымоніі», – заявіла яна. Міністр паабяцала, што прадстаўнікоў мясцовых уладаў, якія адмовяцца выконваць новы закон, будуць караць штрафамі.

Данія не адзіная краіна ў Еўропе, дзе адмова ад поціску рукі можа стаць прычынай адмовы ў грамадзянстве. У жніўні 2018 года Швейцарыя не дала грамадзянства мусульманскай пары з Паўночнай Афрыкі, якая адмовілася адказваць на пытанні людзей іншага полу і паціскаць ім рукі на гутарцы ў камісіі па натуралізацыі. У красавіку 2018 года ва Францыі адмову ў грамадзянстве за аналагічнае паводзіны атрымала ўраджэнка Алжыра.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў