У чым асаблівасць расейскіх пратэстаў і якія наступствы яны будуць мець для Беларусі


Самыя маштабныя за апошнія гады антыпуцінскія пратэсты ў Расеі часта параўноўваюць з пратэстамі ў Беларусі ўзору 2020 года, аднак на гэтым этапе адрозненняў паміж дзвюма з’явамі значна больш, чым падабенства. Менавіта гэтыя адрозненні дазваляюць сцвярджаць, што на сітуацыю ў Беларусі цяперашнія расейскія пратэсты маюць мала шанцаў паўплываць.

Сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй на акцыі падтрымання Навальнага на Пушкінскай плошчы ў Маскве. 23 студзеня 2021 года.
Фота: Георгій «Марцін» Малец / Vot Tak TV / Белсат

Галоўнае, што аб’ядноўвае падзеі ў Беларусі і Расеі, – гэта тактыка ўладаў у дачыненні пратэстаў. І Пуцін, і Лукашэнка абралі вельмі жорсткую лінію паводзінаў. Расейскія ўлады загадзя запалохвалі грамадства, сілавікі праводзілі масавыя прэвентыўныя затрыманні, абмяжоўвалі сувязь, беспадстаўна выкарыстоўвалі гвалт у дачыненні пратэстоўцаў.

Усяго за ўдзел у пратэстах 23 студзеня былі затрыманыя больш за 3,5 тысячы чалавек – абсалютны рэкорд для пратэставых акцыяў у сучаснай гісторыі Расеі. Таксама пасля мітынгу быў распачаты шэраг крымінальных справаў за гвалт у дачыненні паліцыянтаў, заклікі да масавых закалотаў, блакаванне дарог, пашкоджанне маёмасці і хуліганства. Па сутнасці, гэта класічны набор абвінавачанняў, які выкарыстоўваюць беларускія спецслужбы для пераследу пратэстоўцаў у 2020–2021 гг.

У метадах можна знайсці і некаторыя адрозненні. Напрыклад, расейскія сілавікі пакуль не ўжываюць масава спецсродкі – святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі, слезацечны газ, вадамёты і г.д. Праўда, і ў Беларусі ўвесь гэты арсенал супраць пратэстоўцаў пачалі выкарыстоўваць не адразу, у чэрвені-ліпені 2020 года такіх выпадкаў проста не было.

Аднак значна больш важна тое, што грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі-2020 і ў Расеі-2021 прынцыпова адрозніваецца.

Адрозненне № 1: Персаніфікацыя пратэсту

Мітынгі ў Расеі на гэтым этапе шчыльна звязаныя з фігурай Аляксея Навальнага. Па-першае, пратэст быў непасрэдна справакаваны спробай атруціць Навальнага і ягоным арыштам пасля вяртання ў Маскву. Калі б Крэмль не распачаў настолькі нахабны пераслед свайго галоўнага палітычнага апанента, то ніякіх пратэстаў у студзені 2021 года ў Расеі б не было.

Па-другое, Навальны і ягоныя паплечнікі – непасрэдныя ініцыятары і арганізатары мітынгаў. Пасля арышту апазіцыйны палітык асабіста звярнуўся да расейцаў з заклікам выходзіць на вуліцу.

Беларускія пратэсты лідараў ніколі не мелі. Летам 2020 года сапраўды былі выпадкі, калі людзі выходзілі на вуліцы ў сувязі з пераследам канкрэтных асобаў: напрыклад, акцыі 18–19 чэрвеня і 14 ліпеня былі справакаваныя арыштам і нядопускам да ўдзелу ў выбарах Віктара Бабарыкі. Аднак ні сам Бабарыка, ні ягоныя паплечнікі тады не заклікалі да пратэстаў і не ўдзельнічалі ў іх асабіста.

Акрамя таго, у грамадстве панавала ідэя «хто заўгодна, абы не Лукашэнка», і таму асоба Бабарыкі мела пераважна сімвалічнае значэнне для пратэставага руху. Наступныя падзеі толькі пацвердзілі гэтую думку: калі Бабарыка быў выключаны з барацьбы, ягонае месца ў якасці сімвалічнага лідара паспяхова заняла Святлана Ціханоўская.

Характэрна, што ініцыятывы Бабарыкі, якія абвяшчаліся пасля ягонага арышту (напрыклад, рэферэндум наконт вяртання да Канстытуцыі 1994 года або стварэнне партыі «Разам») былі фактычна праігнараваныя грамадствам. Беларускі пратэставы рух меў сваю логіку развіцця і мала залежаў ад дзеянняў канкрэтных апазіцыйных палітыкаў.

Мірная акцыя ў Менску. Удзельнікі прагульваюцца цэнтральным праспектам. 14 ліпеня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Персаніфікацыя расейскіх пратэстаў мае як плюсы, так і мінусы. З аднаго боку, у расейскай апазіцыі ёсць чалавек, гатовы ўзяць на сябе адказнасць за пратэсты і пры неабходнасці накіраваць пратэставы рух у тым ці іншым напрамку (чаго відавочна не хапіла беларусам у жніўні 2020 года).

З іншага боку, цяперашняя персаніфікацыя пратэсту звужае ягоныя патэнцыял у доўгатэрміновай перспектыве. Мітынгі 23 студзеня праходзілі ў Расеі пад лозунгам «Свабоду Навальнаму». Калі, напрыклад, Навальнага вызваляць пад падпіску аб нявыездзе або перавядуць пад хатні арышт, то задачу пратэстаў на гэтым этапе можна будзе лічыць выкананай, а новую задачу яшчэ трэба будзе абгрунтаваць.

Дарэчы, нешта падобнае адбылося з Навальным у 2013 годзе. Тады суд у «справе Кіраўлеса» пакараў палітыка 5 гадамі зняволення. У адказ на гэта ў Маскве, Пецярбурзе і іншых гарадах тысячы людзей выйшлі на пратэсты. У выніку ўжо на наступны дзень Навальнага вызвалілі, а потым замянілі тэрмін пакарання на ўмоўны. А пратэсты, у сваю чаргу, на гэтым і закончыліся.

Адрозненне № 2: Выбары

Святлана Ціханоўская аддае голас падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Беларускія пратэсты распачаліся падчас прэзідэнцкай кампаніі – то бок у той момант, калі на парадку дня стаяла пытанне аб уладзе і яе легітымнасці. Выбары выступалі ў якасці моцнага мабілізоўнага фактару, бо давалі грамадству надзею, што ў яго ёсць рэальны шанец дамагчыся зменаў у краіне менавіта цяпер. Таму, напрыклад, арышт або вызваленне Бабарыкі самі па сабе нічога не вызначалі: выбары ж мусілі ўсё роўна адбыцца.

Расейскія пратэсты адбываюцца па-за межамі электаральных кампаніяў. Бліжэйшая з іх – выбары ў Дзярждуму – мае адбыцца толькі восенню. А прэзідэнцкія выбары наагул запланаваныя на 2024 год. То бок Пуціну не трэба цяпер пацвярджаць сваю легітымнасць, пытанне аб уладзе на парадку дня не стаіць. Незразумела, што ў такім выпадку можа мабілізаваць расейцаў на працяглыя пратэсты. Хіба што паўтор падзеяў у Беларусі 9–12 жніўня: то бок неабмежаваны тэрор аж да забойства мірных дэманстрантаў, што ўскалыхне ўсю краіну.

Адрозненне № 3. Электаральная сітуацыя

Аднак калі ў жніўні 2020 года Лукашэнка прымаў рашэнне на максімальна жорсткае здушэнне пратэстаў, даваў дазвол на выкарыстанне зброі і катаванні, ён быў у прынцыпова іншай сітуацыі, чым Пуцін цяпер.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Улетку 2020 года Лукашэнка трапіў у электаральную прорву: па сутнасці, акрамя сілавікоў і наменклатуры яго больш ніхто не падтрымліваў. Больш за тое, пераважная большасць насельніцтва настолькі негатыўна ставілася да дзейнай улады, што без ваганняў пагаджалася з формулай «хто заўгодна, абы не Лукашэнка». Праз татальную палітызацыю грамадства фактар ​​маўклівай большасці знік, улада апынулася ў электаральнай блакадзе. У вачах Лукашэнкі тэрор заставаўся адзіным інструментам захавання ўлады, і абмяжоўваць сябе ён не бачыў сэнсу, бо большасць і так ужо яго ненавідзела.

Hавiны
Вынікі 2020 года: чатыры памылкі Лукашэнкі, якія пазбавілі ягоны рэжым будучыні
2020.12.29 11:34

У Пуціна сітуацыя не настолькі складаная. Формула «хто заўгодна, абы не ён» не стала дамінантнай у Расеі. Маштабнай палітызацыі грамадства, якая адбылася ў Беларусі летам 2020 года, у РФ пакуль не назіраецца. Перадумоваў для ўзнікнення мэму «Валодзя 3 %» няма.

У гэтай сітуацыі Пуцін зацікаўлены ў тым, каб захаваць свае пазіцыі на шырокім электаральным полі. Каб маўклівая большасць засталася маўклівай большасцю, трэба ствараць ілюзію нармальнасці палітычнага рэжыму. Менавіта таму, напрыклад, расейскія сілавікі пайшлі на тое, каб папрасіць прабачэння перад жанчынай, якую ў Санкт-Пецярбурзе паліцыянт з размаху ўдарыў нагой у жывот. У адрозненні ад Лукашэнкі, Пуціну ёсць што губляць, ён зусім не хоча рабіцца «прэзідэнтам АМАПу».

Аднак якраз прыклад Беларусі паказвае, што змены ў электаральнай сітуацыі могуць адбывацца вельмі імкліва. Пэўныя зрухі ў гэтым напрамку некаторыя аналітыкі ўжо заўважаюць. Расейскі палітолаг, навуковы супрацоўнік University College of London Уладзімір Пастухоў адзначае, што пратэсты 23 студзеня большасцю грамадства былі сустрэтыя «або нейтральна, або спачувальна», у чым ён бачыць пачатак перафарматавання «пуцінскага электарату ў антыпуцінскі». Паводле Пастухова, «гэта значна больш пагрозлівы сігнал для рэжыму», бо маўклівае падтрыманне пратэстаў – гэта «бязмежны патэнцыял будучай рэвалюцыі».

Калі электаральная рэвалюцыя ў Расеі сапраўды адбудзецца, то цалкам магчыма, што Пуцін паўторыць шлях Лукашэнкі ў плане маштабаў і дэманстрацыйнасці тэрору.

Што гэта значыць для Беларусі?

Беларускае грамадства з вялікай зацікаўленасцю сочыць за падзеямі ў Расеі. Шмат хто звязвае з расейскімі пратэстамі вялікія надзеі: яны ўспрымаюцца як нешта кшталту «другога фронту» супраць дыктатуры. Аднак у рэальнасці на гэтым этапе расейскія пратэсты не маюць шанцаў паўплываць на падзеі ў Беларусі. Таму ёсць тры галоўныя тлумачэнні.

1) Прыклад суседзяў можа натхняць, але не можа стаць першапрычынай.

Гісторыя пратэстаў у РФ і Беларусі толькі даказвае гэтую думку. Масавыя пратэсты ў РФ у канцы 2011 года, якія нават прымусілі Крэмль пайсці на часовыя тактычныя саступкі, не мелі ніякага водгуку ў Беларусі. І наадварот: сотні тысяч пратэстоўцаў на вуліцах Менску ў жніўні 2020 года не падштурхнулі расейцаў да пратэстаў – людзі выйшлі на вуліцу толькі праз пяць месяцаў, калі якраз у Беларусі маштабных акцыяў ужо не было.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Белсат

2) Калі пратэсты ў суседняй краіне і могуць стаць моцным стымулам для грамадства, то толькі ў тым выпадку, калі прывядуць да істотных палітычных пераўтварэнняў.

Падзенне Пуціна, безумоўна, стане наймацнейшым фактарам дэстабілізацыі рэжыму Лукашэнкі, які страціць свайго адзінага хаўрусніка. Аднак пакуль што пытанне аб уладзе ў Расеі не стаіць на парадку дня.

Калі ў Расеі аналітыкі толькі спрабуюць разгледзець прыкметы маштабнага абуджэння грамадства, то ў Беларусі нацыянальнае абуджэнне адбылося яшчэ летам 2020 года. Таму цяпер беларусы значна бліжэйшыя да пераменаў, чым расейцы.

3) Безумоўна, чым больш у Крамля ўнутраных праблемаў, тым менш увагі ён здольны надаваць падзеям у Беларусі. Аднак да змены палітычнай лініі гэта не прывядзе.

Вядома, калі пратэсты ў Расеі не будуць спыняцца, то цяжка сябе ўявіць паўтор сітуацыі ўзору жніўня 2020 года, калі Пуцін абвесціў пра фармаванне «рэзерву сілавікоў» для дапамогі Лукашэнку. Цяпер гэты «рэзерв» патрэбны самому Пуціну.

Аднак і ў жніўні 2020-га размовы пра расейскую сілавую дапамогу засталіся размовамі. Куды больш важнае значэнне мела не наяўнасць або адсутнасць пуцінскіх жаўнераў у Беларусі, а факт палітычнага падтрымання рэжыму Лукашэнкі з боку Масквы. Гэта быў выразны сігнал лукашэнкаўскаму атачэнню і сілавікам: Крэмль не дапусціць перамогі рэвалюцыі ў Беларусі.

Аляксей Навальны на акцыі «Адпускай!» 29 верасня 20219 года ў Маскве.
Фота: Антон Карлінэр / Белсат

Пратэсты прыхільнікаў Навальнага дакладна не прымусяць Пуціна змяніць гэтую пазіцыю. Больш за тое, магчыма, што падтрыманне Лукашэнкі з боку Расеі стане яшчэ больш выразным, бо Крэмль будзе баяцца якраз таго, што любыя пераўтварэнні ў Беларусі толькі ўзмоцняць рашучасць расейскіх пратэстоўцаў.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў