10 жніўня на Аўгустаўскім канале ў раёне шлюза «Дамброўка» прайшло «Свята мора». Самай відовішчнай імпрэзай на свяце стаў чэмпіянат па балотным футболе Гарадзеншчыны.
Для гульні падрыхтавалі адмысловую пляцоўку памерам як поле для міні-футболу. Замест газону – гразь.
«Пераможцамі чэмпіянату стала каманда Іўеўскага раёну. Другое месца занялі футбалісты Мастоўскага раёну, трэцяе – каманда Скідзельскага цукровага камбінату», – распавяла «Белсату» адна з арганізатарак свята Дар’я Янчы.
Гуляюць каманды два тайма па пяць хвілінаў. Спаборніцтва ладзіцца паводле алімпійскай сістэмы: той, хто прайграў – выбывае, пераможца ідзе далей. Падчас выяўлення наймацнейшай каманды спартоўцы шмат падаюць і ўдосталь коўзаюцца ў брудзе. Асабліва гэткі спорт падабаецца гледачам.
Паралельна з мужчынскім чэмпіянатам адбыўся жаночы турнір.
Галоўная асаблівасць балотнага футболу: поле амаль па калена заліта граззю – гульцы становяцца бруднымі маментальна пасля стартавага свістка.
ДД belsat.eu