У чарнобыльскай зоне працягваецца тушэнне пажараў


Лясны пажар у зоне адчужэння, у 30 км ад Чарнобыльскай АЭС, Украіна, 12 красавіка 2020 года.
Фота: REUTERS TV / Reuters / Forum

У чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны па стане на раніцу 14 красавіка працягваецца тушэнне пажараў. Улады сцвярджаюць, што адкрытага агню ўжо няма.

Паводле дадзеных Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях па стане на раніцу 14 красавіка адкрытага агню ўжо няма, аднак назіраецца гарэнне травянога насцілу і ляснога подсцілу асобнымі агмянямі. Да тушэння пажараў прыцягнута 415 чалавек і 98 адзінак тэхнікі. 13 красавіка авіятэхніка ажыццявіла 227 скіду – 538 т вады.

Пажар у зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС, у Кіеўскай вобласці, Украіна, 10 красавіка 2020.
Фота: STATE EMERGENCY SERVICE OF UKRAI / Reuters / Forum

Зона адчужэння ва Украіне гарыць з 4 красавіка. Чалец грамадскай рады пры Дзяржаўным агенцтве па кіраванні зонаю адчужэння (ДАЗВ) Яраслаў Емяльяненка ўчора паведаміў, што насуперак намаганням пажарнікаў агонь ужо ў дзвюх кіламетрах ад сховішча радыеактыўных адкідаў.

Лічыльнік гейгера вымярае ўзровень радыяцыі на месцы пажару ў зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС. Вёска Рахоўка, Украіна, 5 красавіка 2020 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Эксперты адзначаюць, што пажары ў чарнобыльскай зоне прывялі да таго, што падняўся радыяцыйны пыл, які вецер можа разнесці па іншых тэрыторыях. Цэнтр ядравай бяспекі Украіны прагназуе, што дым з чарнобыльскіх пажараў хутка панясе на Кіеў.

Hавiны
Пажар у чарнобыльскай зоне падбіраецца да АЭС
2020.04.13 21:06

Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды паведамляе, што па стане на 14 красавіка радыяцыйнае становішча на тэрыторыі Беларусі стабільная, магутнасць дозы гама-выпраменьвання адпавядае шматгадовым значэнням. Як і раней, павышаныя ўзроўні дозаў гама-выпраменьвання зарэгістраваныя ў пунктах назіранняў гарадоў Брагін і Слаўгарад, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў