У Чарнобыльскай зоне другі дзень тушаць пажар


За ноч плошча пажару зменшылася з 25 да 12 гектараў.

Узгаранне пачалося 29 чэрвеня на тэрыторыі ўкраінскай зоны адчужэння ў раёне Лубянскага лясніцтва каля Чарнобыльскай АЭС. Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны паведамляе, што здарэнне адбылося пры тэхналагічнай высечцы лесу для пракладкі чыгункі. Загарэліся пасечаныя рэшткі драўніны і ляснога подсцілу.

Са стыхіяй змагаюцца каля 125 чалавек і 36 адзінак тэхнікі, у тым ліку верталёт і два самалёты.

Агульны радыяцыйны фон па зоне адчужэння складае 0,03-0,04 мр/гадзіну (дапушчальны 0,08 мр/ч). Міністэрства экалогіі Украіны запэўнівае, што бесперапынна кантралюе радыяцыйны фон. У зоне адчужэння і на прылеглых тэрыторыях пагаршэння радыяцыйнай абстаноўкі не назіраецца.

Беларускія Міністэрства прыроды і МНС пра ўзгаранне пакуль не паведамляюць.

Міністр экалогіі Украіны ў Facebook папрасіў журналістаў расейскіх СМІ, якія пішуць пра павышэнне ўзроўню радыяцыі, не распаўсюджваць фэйкі. У каментарах Міністр інфраструктуры Украіны Уладзімір Амялян напісаў, што «не факт, што «якія-небудзь» расейцы не падпалілі».



ДР belsat.eu

Стужка навінаў