У Чарнагорыі за спробу дзяржаўнага перавароту асудзілі двух расейцаў


13 чалавек, у тым ліку двух працаўнікоў расейскае выведкі і двух апазіцыйных палітыкаў, асудзілі 9 траўня ў Чарнагорыі за спробу зрынання ў 2016 годзе мясцовага ўраду, забойства прэм’ер-міністра і прыцягненне да ўлады прарасейскага альянсу.

Паліцыянт ахоўвае будынак суду ў Падгорыцы.
Фота: Stevo Vasiljevic/REUTERS/Forum

Паводле прысуду, 16 кастрычніка 2016 года абвінавачаныя планавалі напасці на дзяржаўныя ўстановы і забіць тагачаснага прэмʼер-міністра Міла Джуканавіча, паведамляе Reuters.

Дваіх расейскіх грамадзянаў, якіх у судзе вызначылі як афіцэраў ваеннай выведкі Расеі Эдуарда Шышмакова і Уладзіміра Папова, завочна прысудзілі да 15 і 12 гадоў турэмнага зняволення адпаведна. Масква неаднаразова адхіляла абвінавачванні іх ролі ў спробе перавароту.

Hавiны
Чарнагорыя абвінаваціла Расею ва ўмяшальніцтве ў знешнюю палітыку краіны
2017.05.29 16:15

У прысудзе гаворыцца, што адной з мэтаў спробы перавароту было перадухіліць уступленне Чарнагорыі ў НАТО, што адбылося ў чэрвені 2017 года. Чарнагорыя таксама імкнецца ўступіць у Еўрапейскі звяз.

Андрыя Мандзіч і Мілан Кнэжэвіч, лідары апазіцыйнага Дэмакратычнага фронту, які выступае за больш шчыльныя сувязі з Сербіяй і Расеяй, атрымалі па пяць гадоў турэмнага зняволення кожны. Яны ў судзе таксама адсутнічалі.

Hавiны
«Чарнагорскі Лукашэнка» вядзе краіну ў Еўразвяз
2018.04.16 19:42

Браціслаў Дзікіч, генерал паліцыі ў адстаўцы, быў асуджаны на восем гадоў турэмнага зняволення.

Апазіцыя Чарнагорыі абвінаваціла ўлады ў фабрыкацыі змовы, каб забяспечыць перамогу на выбарах для Джуканавіча і яго Дэмакратычнай партыі сацыялістаў у 2016 годзе.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў