У Бураціі падлетак уварваўся ў школу з сякерай і «кактэйлем Молатава», ёсць параненыя


Раніцай 19 студзеня вучань 9 класа адной са школаў гораду Улан-Удэ (Рэспубліка Бурація, Расея) з сякерай напаў на вучняў 7-га класа, а затым пры дапамозе «кактэйля Молатава» падпаліў навучальнае памяшканне.

Пра гэта паведамляе Следчы камітэт Расеі.

У выніку дзеянняў 9-класніка параненыя чацвёра вучняў і настаўніца, трое пацярпелых знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляе «Інтэрфакс».

Нападнік затрыманы, матывы злачынства высвятляюцца. Следчыя распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 105 КК РФ (замах на забойства двух і больш асобаў, учыненае ў дачыненні да малалетніх). Па дадзеных СМІ, 9-класнік пасля нападу спрабаваў забіць сябе.

«У рамках расследавання крымінальнай справы таксама будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням (бяздзейнасці) работнікаў навучальнай установы, на якіх ляжыць абавязак па забеспячэнні бяспекі ў школе», – адзначаюць у СК.

Гэта ўжо трэці напад у школах у Расеі за апошні тыдзень. 15 студзеня двое навучэнцаў пермскай школы нанеслі шматлікія нажавыя раненні настаўніцы і школьнікам 4 класа. У выніку былі параненыя 15 чалавек. 17 студзеня ў школе пасёлка Смольня Чэлябінскай адзін дзевяцікласнік ударыў нажом іншага з-за канфлікту на перапынку. Паліцыя не выключае, што ўсе гэтыя напады ўзаемазвязаны.

 

ІІ, belsat.eu. Фота – tvcom-tv.ru

Стужка навінаў