У Буда-Кашалёўскім раёне памер дзевяцікласнік


У чацвер у вёсцы Мікалаеўка Буда-Кашалёўскага раёну памёр навучэнец мясцовай школы, паведамляе TUT.by

Хлопца звалі Уладзіслаў. Яму стала дрэнна падчас вялікага перапынку, адразу пасля поўдня, калі ён пайшоў у прыбіральню.

Падлетку адразу ж выклікалі хуткую, але чакаць яе не сталі – хутка знайшлі транспарт і дырэктар сам павёз хлопца насустрач лекарам. На жаль, выратаваць хлопчыка медыкі ўжо не здолелі.

Маці загінулага Святлана ўзгадвае, што яе сыны-блізнюкі ніколі не скардзіліся на здароўе і не ляжалі ў шпіталі. Яна распавяла, што перабірала бульбу, а калі вярнулася дадому, то ўбачыла, што на мабільным у яе 15 прапушчаных званкоў.

«Тэлефаную Дзмітрыю Аляксандравічу (дырэктар школы – заўв.), а ён недасяжны. Потым прыбеглі хлапчукі са школы і кажуць: «Цётка Света, вашага Уладзіка без прытомнасці павезлі». Я пабегла ў школу, а мне там кажуць, што ён памёр», – плача жанчына.

Яна дадала, што, па словах школьнікаў, яе сына ўдарыў адзін з вучняў.

Прэс-служба СК паведаміла, што школьнік памёр «пры дастаўленні ва ўстанову аховы здароўя«.

Цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Праведзены агляд месца здарэння з удзелам судмедэкспертаў. Апытваюць адміністрацыю, настаўнікаў, школьнікаў, лекараў. Ўсталёўваюцца відавочцы і высвятляюцца абставіны здарэння. Дакладная прычына смерці падлетка будзе названая пасля судова-медычнай экспертызы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў