У Брытаніі за выходныя спрабавалі падпаліць 20 мачтаў сотавай сувязі


Аб’яднанне брытанскіх правайдэраў мабільнай сувязі Mobile UK паведамляе аб 20 новых выпадках мэтанакіраваных падпалаў мачтаў 5G, учыненых у мінулыя велікодныя выходныя, піша Бі-бі-сі. Прычына падпалаў – канспіралагічная тэорыя пра сувязь 5G і каронавірусу.

Пашкоджаныя мачты знаходзяцца ў Англіі, Уэльсе і Шатландыі. Адна з іх ажыццяўляе мабільную сувязь размешчанай у Бірмінгеме больніцы, дзе лечацца заражаныя каронавірусам.

Трое мужчын былі арыштаваныя па падазрэнні ў падпале пасля таго, як вышка сотавай сувязі загарэлася ў адным з раёнаў Лондану. Паліцыя ў якасці меры засцярогі эвакуявала жыхароў бліжэйшых дамоў, але потым ім дазволілі вярнуцца.

Таксама раніцай у аўторак невядомыя падпалілі мачту ў горадзе Хадэрсфілд, размешчаным у Заходнім Ёркшыры. Там агонь знішчыў абсталяванне для перадачы сувязі, якой карысталіся аварыйна-выратавальныя службы, а таксама парушыў сувязь трох мабільных аператараў.

Вядома пра падобныя выпадкі ў Галандыі і Ірландыі.

Вандалізм мачтаў новага пакалення сувязі 5G пачаўся яшчэ да пандэміі праз чуткі, што мачты 5G нібыта выклікаюць ці дапамагаюць распаўсюджваць новы вірус.

«Тэорыі, якія распаўсюджваюць аб 5G, цалкам беспадстаўныя і не маюць пад сабой ніякай навуковай асновы», – заявіў прадстаўнік Mobile UK.

У пачатку 2020 года эксперты Міжнароднай камісіі па абароне ад неанізуючага выпраменьвання (ICNIRP) завяршылі маштабнае даследаванне, якое ўключала ўсе навуковыя матэрыялы, якія тычыліся гэтай праблемы.

Яны рэкамендавалі некаторыя больш жорсткія абмежаванні перадаючых магутнасцяў саміх мабільных гаджэтаў – каб звесці да мінімуму верагоднасць апёку ў выніку награвання апарату. Аднак галоўная выснова – не было выяўлена ніякіх дадзеных, якія б сведчылі пра тое, што 5G, або сувязь папярэдніх пакаленняў, могуць выклікаць захворванні.

КА belsat.eu

Стужка навінаў