У Бруселі патрабавалі вызваліць Змітра Паліенку. Палітвязню могуць працягнуць тэрмін


23 лістапада на вуліцы сталіцы Бельгіі выйшлі салідарныя са Змітром Паліенкам. Актывісты трымалі фатаграфіі палітвязня і заклікалі вызваліць маладзёна, якога Amnesty International прызнала вязнем сумлення.

Падчас акцыі раздавалі ўлёткі з адрасам Змітра ў Бабруйскай папраўчай калоніі, каб кожны ахвочы мог напісаць да яго ліст.

Сяброўка Змітра Марына Насенка распавяла belsat.eu, што на палітвязня працягваюць ціснуць у калоніі.

«Мы атрымліваем інфармацыю ад сваякоў. Да Дзімы рэгулярна ходзіць адміністрацыя на размовы, а таксама ён штомесяц трапляе ў ШЫЗА на 10 дзён без прычынаў. Гэта ўсе ідзе да таго, што яму могуць «навесіць» артыкул 411 і працягнуць тэрмін», – распавядае Марына Насенка.

Артыкул 411 КК РБ: Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы – караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

 

Дзяўчына дадае, што да Змітра са складанасцямі даходзяць лісты, таксама як і да фігурантаў «справы антыфашыстаў» Бойкі і Валавіка.

У кастрычніку Змітра Паліенку адправілі ў штрафны ізалятар за адмову выйсці на прагулку, а жніўні – за адмову мыць прыбіральню. Тады яго таксама пазбавілі магчымасці спаткацца з бацькамі.

У кастрычніку 2016-га маладзёна асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Увесну гэтага году Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў