У Брунеі ўступіў у сілу шарыяцкі закон: за гомасексуальнасць будуць забіваць камянямі


У султанаце Бруней з 3 красавіка ўступаюць у сілу папраўкі ў заканадаўства, заснаваныя на правілах шарыяту. Новыя законы прадугледжваюць жорсткае смяротнае пакаранне за шлюбную здраду або гомасексуальныя стасункі, а за крадзеж – адсячэнне рукі. Міжнародная супольнасць заклікае адмяніць гэтыя змены, піша Бі-Бі-Сі.

Бруней з уступленнем у сілу новых законаў стаў першай краінай у Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе законы шарыяту пачалі дзейнічаць на нацыянальным узроўні. Назіральнікі кажуць, што краіна ператвараецца ў «азіяцкую Саудаўскую Аравію».

Першапачаткова новыя законы былі прынятыя яшчэ ў 2014 годзе, але доўга не ўступалі ў сілу. Іх ініцыятарам быў султан Брунея Хасанал Болкіях.

Згодна з новым заканадаўствам Брунея, за здраду або гомасексуальнасць прадугледжанае пакаранне праз забіванне камянямі або пугай. Крадзеж караецца адсячэннем рукі. Пры гэтым, каб абвінаваціць чалавека ў злачынстве, дастаткова паказанняў чацвярых мусульманаў. Гомасексуальнасць і раней была па-за законам у гэтай пераважна ісламскай краіне, але парушэнне забароны каралася турэмным тэрмінам.

За некалькі тыдняў да ўступлення закону ў сілу ў свеце пачалася маштабная кампанія пратэсту, якая працягваецца да гэтага часу. Знакамітыя асобы (Элтан Джон, Джордж Клуні і інш.) заклікалі байкатаваць сетку гатэляў, якая належыць брунейскаму султану.

«Забіваць камянямі да смерці за гомасексуальнасць або здраду агідна і амаральна. Кожны чалавек на Зямлі мае права на паважлівае стаўленне і жыццё без страху», – напісаў у сваім «Тўітэры» былы віцэ-прэзідэнт ЗША Джоў Байдэн.

Праваабаронцы патрабуюць, каб улады султанату неадкладна адмовіліся ад новых законаў, якія праваабаронцы называюць «глыбока заганнымі». З заклікам спыніць уступленне законаў у сілу да Брунея таксама звярнуліся Брытанія, Аўстралія, Францыя і ААН.

КА belsat.eu

Стужка навінаў