У Браслаўскім раёне колькасць інфікаваных COVID-19 менш чым за месяц павялічылася ўтрая


У канцы траўня ў Браслаўскім раёне было 29 афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, а на 17 чэрвеня іх ужо 89.

Як піша паведамляе «Браслаўская звязда» са спасылкай на штаб па барацьбе з COVID-19, у браслаўскім раёне зарэгістравана 89 выпадкаў інфікавання каронавірусам. Паводле інфармацыі медыкаў, большасць інфікаваных пераносяць хваробу ў лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці. 46 пацыентаў ужо выздаравелі і выпісаныя з лякарняў. У цяперашні час 7 чалавек з дыягназам «пнеўманія» шпіталізаваныя ў ЦРБ.

«Разам з тым профільныя службы працягваюць пільны маніторынг сітуацыі і пры неабходнасці ўводзяць дадатковыя меры бяспекі. У штабе падкрэсліваюць, што яны маюць выключна прафілактычны характар. Медыкі на гэтым фоне рэкамендуюць строга прытрымлівацца рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя: выконваць масачны рэжым, правілы гігіены і сацыяльную дыстанцыю, весці здаровы лад жыцця. Асаблівая ўвага санітарная служба звяртае на безумоўнае выкананне патрабаванняў, звязаных з самаізаляцыяй», – піша выданне.

Першы пацыент з пацверджаным COVID-19 з’явіўся на Браслаўшчыне ў сярэдзіне красавіка. Па стане на 25 траўня ў раёне было зарэгістравана 29 выпадкаў каронавірусу. Такім чынам, менш чым за месяц колькасць інфікаваных вырасла ўтрая.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 21 чэрвеня ў Беларусі зарэгістравана 58 505 выпадкаў заражэння COVID-19. 346 пацыентаў памерлі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў