У больніцах Горадні: дыягназ адзёр не ставіць, але кантактаваць, як з адром


У Горадні дактарам і медычным сёстрам, якія кантактуюць з хворымі на ВРВЗ, загадана ставіцца да іх, як да хворых на адзёр. Такую інфармацыю карэспандэнту belsat.eu пацвердзілі ў гарадской паліклініцы Горадні № 4.

Абноўлена
«Не ведаем дакладнай колькасці хворых»: у Горадні выявілі адзёр
2019.05.30 12:07

Інфармацыю пра такія меры ў горадзе паведаміў тэлеграм-канал NEXTA. Паводле апублікаваных ім фотаздымкаў з гарадзенскіх паліклінік, людзей з падазрэннямі на адзёр загадана шпіталізаваць у інфекцыйную больніцу. Пры гэтым дыягназ адзёр ставіць забаронена.

Абвестка з гарадзенскай паліклінікі.
Фота: t.me/nexta_tv

«Усім супрацоўнікам, якія пабывалі ў кантакце з пацыентам з дыягназам ВРВЗ, кантакт як з адром. Праводзіць штодня запіс у сшытку (у амбулаторыі) тэмпературы цела. Пры павышэнні тэмпературы выклікаць участковага лекара на дом (а не ісці на працу)», – гаворыцца ў аб’яве для персаналу ў адной з паліклінік Горадні.

Між тым галоўны дзяржаўны лекар Горадні і Гарадзенскага раёну Яніна Шарэнда ў каментары дзяржаўнаму выданню «Гродзенская праўда» заявіла, што цяжкіх выпадкаў захворвання на адзёр у абласным цэнтры няма, ніхто з тых, хто захварэў, у рэанімацыю не змешчаны.

Паводле яе, з зарэгістраваных у траўні 34 выпадкаў падазрэнні на адзёр пацверджаныя лабараторна у 11-ці. Сярод гэтых людзей ёсць студэнты двух гарадзенскіх ВНУ, але хварэюць не толькі яны. Адным з першых на адзёр у Горадні захварэў студэнт, які вярнуўся ў інтэрнат пасля паездкі ў Польшчу.

Hавiны
«Актыўная цыркуляцыя вірусаў». У Менску медперсаналу загадалі зрабіць абавязковыя прышчэпкі ад адру
2019.05.30 14:19

Таксама і прыватныя медычныя цэнтры Менску пачалі атрымліваць ад галоўных дзяржаўных санітарных дактароў сваіх раёнаў лісты з патрабаваннем абавязковай вакцынацыі медычнага персаналу супраць адру.

  • Адзёр перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Каб захварэць, дастаткова пабыць у адным памяшканні з тым, хто ўжо захварэў, пры ўмове, што вы не прышчэпленыя і ў вас няма імунітэту. Інкубацыйны перыяд хваробы ад моманту заражэння да зʼяўлення сімптомаў можа доўжыцца ад 7 да 21 дня.
  • Першыя сімптомы адзёру нагадваюць рэспіраторную інфекцыю. У чалавека павышаецца тэмпература, зʼяўляюцца катар, кашаль, запаляюцца і чырванеюць вочы, узнікае слёзацёк. На чацвёрты дзень хваробы на твары і шыі зʼяўляецца сып, затым яна распаўсюджваецца па ўсім целе. За шэсць дзён яна падсыхае і знікае.
  • Прышчэпкі ад адзёру робяцца планава ў 12 месяцаў і 6 гадоў. Лічыцца, што калі вакцынацыя прайшла па правілах, то імунітэт павінен абараняць чалавека да канца жыцця. Каб гэта праверыць, можна здаць аналіз крыві і даведацца пра свой узровень антыцелаў да адзёру. У рэдкіх выпадках, чалавек, якому рабілі абедзве планавыя прышчэпкі таксама можа захварэць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў