У БНТУ адмянілі заняткі да 15 сакавіка


З 28 лютага да 15 сакавіка навучальны працэс у БНТУ пераводзіцца на навучанне паводле індывідуальнага плану для кожнага студэнта. Цягам бліжэйшых двух тыдняў заняткаў у аўдыторыях не будзе, паведамляе прэсавая служба ВНУ.

Рэктарат Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту паведамляе, што надзвычайнай сітуацыі няма. Пакуль інфекцыйнае захворванне з’яўляецца адзінкавым выпадкам. Тым не менш з 28 лютага ва ўніверсітэце ствараецца штодзённы кантроль за станам здароўя студэнтаў і выкладчыкаў.

Галоўны корпус БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Рэктарат прыняў рашэнне пра абмежаванне наведвання не толькі інтэрнатаў, але і наагул будынкаў ВНУ. Да 15 сакавіка БНТУ пераводзіцца на індывідуальнае навучанне. Заняткаў у аўдыторыі да гэтага часу не будзе.

Адмяняюцца таксама і масавыя мерапрыемствы.

27 лютага ў студэнта з Ірану, які навучаецца ў БНТУ, афіцыйна пацвердзілі наяўнасць каронавірусу. Грамадзяніна Ірану і асобаў, з якімі ён кантактаваў, змясцілі ў Менскі інфекцыйны шпіталь. Медыкі паведамляюць, што інфікаваны пачувае сябе здавальняюча.

Што рабіць, каб не падхапіць заразу?

  • Абавязкова трэба мыць рукі з мылам. Чым часцей, тым лепш! Але рабіце гэта правільна. Тут інструкцыя.
  • Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі.
  • Узмацняйце імунітэт.
  • Лепш не цалавацца і не паціскаць рукі.
  • Пазбягайце кантактаў з хворымі.
  • Калі ёсць магчымасць, то насіце маску. Мяняйце яе раз на дзве гадзіны.
  • Карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове.
  • Праветрывайце памяшканні, у якіх вы жывяце і працуеце.
  • Тлумачце дзецям, чаму варта мыць рукі!

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў