У Берасці зноў заквітнелі каштаны, на чарзе – пладовыя дрэвы


Апошнімі гадамі яны квітнеюць два разы за год. «Белсат» разбіраўся, чаму так адбываецца.

На цэнтральных вуліцах Берасця заквітнелі каштаны. Усе было б звычайна, калі б на календары зараз быў травень ці пачатак чэрвеня. Чаму так адбылося напрыканцы жніўня? І ці не шкодзіць гэта самім дрэвам? Каб разарбрацца ў пытанні, мы звярнуліся ў Дзяржаўную навуковую ўстанову «Палескі аграрна-экалагічны інстытут НАН Беларусі».

На вяршынях некаторых дрэваў сярод восеньскага лісця з’явіліся кветкі.
Фота: Belsat.eu

Навукоўцы паведамілі «Белсату», што на квітненне дрэваў у жніўні ўплывае адразу два фактары: надвор’е і даўжыня светлавога дня.

– Гэта адбываецца таму, што вясной у перыяд пачатку іх [дрэваў. – Belsat.eu] квітнення здараецца засушлівы перыяд і яны, умоўна, засынаюць, назіраецца анабіёз. Гэтыя кветкавыя пупышкі распускаюцца толькі часткова – халоднае надворʼе тармозіць іх развіццё, – распавёў «Белсату» намеснік кіраўніка навуковай установы, дацэнт Віктар Дземянчык.

Алея каштанаў на праспекце Машэрава ў Берасці.
Фота: Belsat.eu

Як лічыць наш суразмоўца, яшчэ адзін з фактараў, які мае ўплыў на паўторнае квітненне, гэта так званая люстральная дынаміка. Калі вясной дзень увесь час павялічваўся, а потым пачаў змяншацца.

Навуковец кажа, што паўторнае квітненне не вельмі добра ўплывае на дрэвы – яны з-за гэтага слабнуць. Дарэчы, за каштанамі, паводле Віктара Дземянчыка, заквітнеюць і іншыя дрэвы.

У Берасці другі раз за год квітнеюць каштаны.
Фота: Belsat.eu

– Раз паўторна заквітнеў каштан, то гэты працэс пойдзе далей: заквітнеюць пладовыя, – кажа доктар біялагічных навук. І дадае, што на практыцы гэтую зʼяву ўжо даўно навучыліся выкарыстоўваць. – У нас вырошчваюць так званыя рэмантантныя гатункі. Спачатку навучыліся на ружах. Бо ружа па сваёй прыродзе павінна адквітнець вясной адзін раз і ўсё, але цяпер яна квітнее некалькі разоў на год і ўпрыгожвае гарады Еўропы і Беларусі. Навука пайшла далей, і ў нас ужо сёння ёсць рэмантантная маліны, суніцы і нават ажыны, – падводзіць вынік Віктар Дземянчык.

АС Belsat.eu

Стужка навінаў