У Берасці затрыманыя актывісты Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін


Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Фота – радыё «Рацыя»

Сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў і блогер Сяргей Пятрухін былі затрыманыя ў Берасці пасля таго як, заявілі пра намер выйсці на акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Тры дні таму Кабанаў і Пятрухін атрымалі пракурорскія папярэджанні, а з вечара пятніцы не выходзілі на сувязь. У ІЧУ Берасця belsat.eu пацвердзілі, што абодва актывісты знаходзіцца ў іх.

На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, затрыманне звязанае з тым, што раней Пятрухін і Кабанаў казалі ў сваім відэаблогу, што выйдуць на плошчу ў гэтую нядзелю, 25 лютага, калі ўлады не прыпыняць будаўніцтва заводу.

Такім чынам, акцыя пратэсту фактычна не адбылася, замест гэтага прайшло арганізаванае мясцовымі ўладамі свята МНС. Разам з тым, Раман Кісляк паведаміў, што некаторыя ўдзельнікі ўсё ж дайшлі да плошчы.

«Як вы ведаеце, ўлады, занялі плошчу пад свята МНС. На плошчу прыйшло каля 150 чалавек, большасць казала, што яны прыйшлі абмеркаваць пытанні, звязаныя з заводам. Ніхто не даставаў плакатаў – інакш людзі былі б адразу затрыманыя».

Кісляк таксама звярнуўся ў берасцейскі гарвыканкам, каб даведацца, якія мерапрыемствы запланаваныя ў Берасці цягам 2018 года.

« Гэта зроблена для таго, каб ведаць, калі мы будзем падаваць заяўкі аб масавых мерапрыемствах, звязаных з пабудовай акумулятарнага заводу, каб улады нам сказалі, на гэтым месцы прызначанае мерапрыемства, як атрымалася на гэты раз са святам МНС», – тлумачыць праваабаронца.

Нагадаем, берасцейскія актывісты выступаюць супраць зʼяўлення непадалёк ад горада акумулятарнага заводу – на іхную думку, завод будзе забруджваць паветра шкоднымі выкідамі.

ЦЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары