Відэаблогер Пятрухін правядзе выходныя ў ізалятары


27 ліпеня берасцейская міліцыя пры падтрыманні АМАПу затрымала блогера Сяргея Пятрухіна. Мужчыну спачатку адвезлі ў Ленінскі РАУС, а пасля даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Мяркуецца, што ўлады ізалявалі яго адмыслова напярэдадні святкавання Дня гораду, якое пройдзе 28–29 ліпеня.

Блогер і сябар АГП Аляксандр Кабанаў паведаміў, што ў міліцыі ёсць ордар на вобшук кватэры Сяргея Пятрухіна. Актывіст мяркуе, што тэхніку Пятрухіна канфіскуюць.

Міліцыя апячатала кватэру Сяргея Пятрухіна. Фота – МХ/«Белсат»

На думку Кабанава, затрыманне – помста з боку маёра Мікалая Рабушкі.

Маёр узімку вёз Кабанава і Пятрухіна ў суд, тры гадзіны трымаў іх у аўтазаку, дзе было вельмі халодна, «недзе пад 27 градусаў марозу». Пятрухін нядаўна расказаў пра здарэнне ў сацсетках, пісаў, «так нават фашысты ня робяць». Таксама Пятрухін патрабаваў у пракуратуры правесці праверку таго факту, Кабанаў уздымаў гэтае пытанне на сустрэчы з памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па Берасцейскай вобласці.

Аляксандр Кабанаў дадаў, што міліцыя хоча зламаць блогераў.

«Гэта ўсё звязана з тым, каб не даць магчымасці нам выходзіць у эфір. – заяўляе Кабанаў. – Але вы нас не зломіце».

Праваабаронца Раман Кісляк заявіў, што не выключае, што затрыманне Сяргея Пятрухіна можа быць прэвентыўным перад масавымі гуляннямі на Дзень гораду ў Берасці, якія праходзяць 28–29 ліпеня.

«Ён быў затрыманы і дастаўлены ў Ленінскі РАУС. Падставу для затрымання, у якой справе ён затрыманы, мне адмовіліся паведаміць. Пасля паўгадзіны чакання мяне фактычна выштурхнулі з будынку РАУС», – заявіў Кісляк.

Блогер Сяргей Пятрухін вядомы сваёй актыўнай пазіцыяй у справе будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці. Ён удзельнічаў і асвятляў пратэсты, якія праходзяць у Берасці ўжо паўгода.

Некалькі дзён таму стала вядома, што супраць Сяргея Пятрухіна распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 189 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Абраза»). Санкцыя артыкулу прадугледжвае штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў. Сам Пятрухін раней заявіў, што не ведае, каго ён абразіў, але відэаблогер не сумняецца, што такім чынам улады помсцяць за яго антыкарупцыйныя расследаванні.

12 траўня міліцыянты правяла ператрус у кватэры Пятрухіна, падчас якога забралі камп’ютар, планшэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі дагэтуль.

НМ, ДД

Глядзі таксама
Каментары