У Берасці затрымалі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна і актывіста Віталя Казака


Віталь Казак

Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін і актывіст Віталь Казак былі сёння выкліканыя ў Ленінскі РАУС і з пастарунку ўжо не выйшлі. Супраць берасцейцаў распачалі адміністратыўны працэс за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, абодва затрыманыя да суда.

Праз паўтары гадзіны знаходжання ў міліцыі Вялічкін быў затрыманы і адпраўлены ў берасцейскае ІЧУ, у панядзелак яго будуць судзіць.

Віталь Казак аказаўся ў ІЧУ праз тры гадзіны пасля таго як з’явіўся ў міліцыі.

«Мяне няма за што затрымліваць, але ў міліцыі ўжо паабяцалі мне, што да панядзелка я застануся тут. Мушу пакласці слухаўку, гэта патрабуе супрацоўнік міліцыі», – адзінае, што паспеў сказаць Belsat.eu Віталь Казак.

Вядома, што адміністрацыйны працэс супраць Казака вядзе Зміцер Селяйковіч з РАУС Ленінскага раёну Берасця, сумна вядомы рэпрэсіямі супраць актывістаў і журналістаў.

Нагадаем, у мінулую нядзелю, 10 лютага, пасля традыцыйнага кармлення галубоў на цэнтральнай плошчы гораду берасцейцы моўчкі прайшлі па пешаходнай вуліцы Савецкай да кінатэатру «Беларусь» – такім чынам яны пратэставалі супраць запуску акумулятарнага заводу.

Акцыя супраць будаўніцтва заводу АКБ у Берасці завершылася шэсцем

Каля кінатэатру па іх просьбе ўключылі кавер на песню «Жыць». У арганізацыі гэтага шэсця і абвінавацілі Вялічкіна ды Казака.

« Гэта чарговы ціск на праціўнікаў акумулятарнага заводу з боку ўлады. Што тычацца Уладзіміра Вялічкіна, то ён назіраў за ходам акцыі і не мог браць у ёй удзел. Гэта грубае парушэнне закону», – сказаў Belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.

Новы кліп супраць заводу: «Пазбаўлю Берасце ад бяды і ад свінцу»

СА, фота аўтара/Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары