У Берасці затрымалі «ліса» падчас пратэстаў супраць акумулятарнага заводу. ВІДЭА


 

Чарговая акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці скончылася затрыманнем. На гэты раз АМАП схапіў чалавека ў роставай ляльцы.

11 лістапада на плошчу Леніна ў Берасці прыйшлі мясцовыя жыхары і актывісты, каб зладзіць чарговую акцыю супраць будаўніцства акумулятарнага заводу. Акцыі праходзяць кожную нядзелю, пад час іх людзі прыходзяць на плошчу і кормяць галубоў. Берасцейцы неаднаразова запрашалі на акцыі старшыню берасцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса – каб ён сустрэўся з людзьмі. Але чыноўнік да людзей так і не выйшаў.

Тады пратэстоўцы, верагодна, вырашылі патроліць кіраўніка вобласці і апранулі аднаго з сваіх прыхільнікаў у… касцюм ліса. Ліс, што быў на плошчы 11 лістапада, казаў, што ён падтрымлівае будаўніцтва заводу. Пасля акцыі чалавек у касцюме сеў у машыну, якая недалёка ад плошчы была спынена міліцыяй, а сам чалавек-ліс быў затрыманы АМАПам. У 18:00 стала вядома, што “ліс” знаходзіцца ў ІЧУ, ён затрыманы. Belsat.eu даведаўся, што гэта Канстанцін Астапук, адзін з актывістаў пратэсту, пра якога мы ўжо пісалі. Таксама адзначым, што адну з праціўніц заводу выклікаюць у міліцыю на наступную нядзелю на 12.00 – як асобу, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

Гэтым разам на плошчу Леніна карміць галубоў выйшла больш за 100 чалавек. Такім чынам людзі пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, які неўзабаве можа паўстаць недалёка ад Берасця.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу

Пратэсты супраць заводу распачаліся ў лютым гэтага году. Супраць будаўніцтва заводу падпісаўся кожны дзясяты берасцеец. Але ўлады не ідуць на сустрэч людзям. Удзельнікаў пратэсту неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі, садзілі на содні. Таксама ўлады ціснуць на незалежных журналістаў, якія асвятляюць гэты пратэст.

СА

Стужка навінаў