У Берасці затрымалі графіцістаў за «дыскрэдытацыю міліцыі»


Пара графіцістаў з Берасця падазраецца ў пашкоджанні дзяржмаёмасці, паведамляе МУС.

Затрыманыя 22-гадовы хлопец і ягоная 16-гадовая сяброўка. Паводле версіі міліцыі, яны фарбай распісвалі будынкі, тратуары, дарогі і інфармацыйныя стэнды.

«Некаторыя надпісы аказаліся экстрэмісцкімі, таму парай зацікавіліся аператыўнікі па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй. Устаноўлена, што маладыя людзі «тварылі» у ноч з 14 на 15 ліпеня ў Берасці, апаганіўшы цынічнымі надпісамі і малюнкамі аб’екты на скрыжаванні вуліц Гогаля і Халтурына, аж да вуліцы Нафтавай. Тэксты былі накіраваныя на дыскрэдытацыю міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады. Усяго зафіксавана больш за дзесяць такіх надпісаў і ілюстрацый », – паведамляе прэс-служба МУС.

Графіці ў Берасці, фота МУС

Пры аглядзе дамоў, у якіх пражываюць берасцейцы, аператыўнікі знайшлі анархічную літаратуру, а таксама адзенне і балончыкі з фарбай. Акрамя таго, у хлопца нібыта знайшлі марыхуану. У дачыненні да маладога чалавека да ўсяго распачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў.

Раней, падчас сустрэчы з журналістамі, сваю пазіцыю датычна палітычных графіцістаў выказаў старшыня Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук:

«Добра, што ты маеш сваю палітычную пазіцыю, але навошта псаваць прыпынкі грамадскага транспарту і фасады дамоў?! У мяне, шчыра сказаць, сэрца крывёю абліваецца з-за гэтага моманту. Плакат – нармальна. Хадзі з плакатам. Ну, у рэшце рэшт, замацуй, уцячы. Навошта псаваць фасады і нашы прыпынкі?!» – казаў чыноўнік.

За апошнія месяцы па ўсёй Беларусі на сценах, будынках, асфальце і «табакерках» пачалі зʼяляцца надпісы палітычнага зместу. Часцей за ўсё гэта «3%» (адсылка да нізкага рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі).

КА belsat.eu

Стужка навінаў