У Берасці забаранілі пікет да Дня Волі


Берасцейскія ўлады не дазволілі правесці ў горадзе пікет, прымеркаваны да 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта belsat.eu паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.

Заяўка была пададзеная на 25 сакавіка. Пачаць пікет планавалася а 17:00 у цэнтры гораду – на пешаходнай вуліцы Савецкая, каля кінатэатру «Беларусь». «Там ёсць пляцоўка, на якой часам праводзяць канцэрты і імпрэзы», – распавёў актывіст.

Але сёння, 21 сакавіка, заяўнікі – Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс – атрымалі адказ, у якім гаворыцца, што заяўка пададзеная не ў тыя месцы, дзе дазваляецца правядзенне масавых акцый.

«На гэтай падставе нам забаронена там праводзіць (акцыю – belsat.eu)», – распавёў старшыня абласной арганізацыі БСДП(Г).

Паводле яго, з прычыны адмовы берасцейскія актывісты плануюць падумаць над іншым фарматам святкавання Дня Волі.

У 2018 годзе ў Берасці святочныя мерапрыемствы да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі прайшлі на плошчы Свабоды.

Hавiны
Арганізатары распавялі, якія гурты выступяць на Дзень Волі
2019.03.20 06:28

Разам з тым адзначэнне 101-ых угодак БНР сёлета афіцыйна дазволенае ў двух гарадах – у Менску і Горадні. У сталіцы канцэрт з нагоды Дня Волі адбудзецца 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы. Арганізатары заявілі, што тут выступяць гурты «Няхай», KaS, «Водар», «Дай дарогу», «РСП» і NRM.

А 23 сакавіка ў Горадні, у Каложскім парку, на канцэрце выступяць гурты «Крама», «Дай Дарогу!» і DZIECIUKI, а таксама Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч. Пачатак абодвух мерапрыемстваў а 13:00.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў