У Берасці вынеслі прысуд міліцыянту, які жорстка збіў двух маладзёнаў


Былога супрацоўніка Маскоўскага РАУС Берасця Алега Самарчука прызналі вінаватым ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў і прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама суд пастанавіў забараніць Самарчуку цягам пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцыяў прадстаўніка ўлады, і працаваць у МУС. Апроч таго, экс-міліцыянт мае скампенсаваць пацярпелым – Сяргею Калядзе і Аляксандру Зехаву – маральную шкоду, агулам восем тысячаў рублёў, і выдаткі на юрыдычную дапамогу. Самарчука ўзялі пад варту ў зале суда.

«Ён ніякіх прабачэнняў нашай сям’і, нікому не прынёс. Нават не папрасіў прабачэння ў мяне, што здзейсніў такое. І ўсміхаўся сядзеў», – распавёў Зехаў пасля суду.

Прычынаю разбіральніцтва стаўся леташні інцыдэнт. 6 траўня Сяргей Каляда і Аляксандр Зехаў адпачывалі ў кавярні «Казка». Паводле працаўнікоў установы, мужчыны паводзіліся прыстойна. Пасля, пакуль чакалі таксоўку, каб з’ехаць дадому, іх затрымалі, адвезлі ў пастарунак, дзе жорстка збілі. Паводле пацярпелых ды сведкаў, у збіцці бралі ўдзел і іншыя міліцыянты – ад трох да пяці асобаў. Супраць іх распачалі крымінальную справу. Дзе, аднак, гэтыя супрацоўнікі фігуруюць як «неўстаноўленыя асобы».

Адметна, што спачатку Маскоўскі РУУС спрабаваў зрабіць з патрульна-паставога Самарчука пацярпелага. У жніўні летась адбыўся суд па абвінавачанні Сяргея Каляды і Аляксандра Зехава ў перабыванні ў нецвярозым стане ды непадпарадкаванні міліцыі. Спроба правалілася.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў