У Берасці рыхтуюцца да чарговага мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу


Праваабаронца Раман Кісляк і мясцовы актывіст Міхаіл Галуза падалі заяўку ў Берасцейскі гарвыканкам на правядзенне мітынгу на плошчы Свабоды. Акцыя запланаваная на 31 сакавіка.

«Людзі стаміліся. Улады спрабуюць забалбатаць пратэст і абяцаюць вырашыць пытанне з акумулятарным заводам, але яно не вырашаецца ўжо амаль тры месяцы. Таму мы зрабілі такі крок», – кажа Раман Кісляк.

25 сакавіка на плошчы Свабоды пройдзе дазволены ўладамі фестываль з нагоды 100-годдзя БНР.

Раней заяўку на правядзенне мітынгу 18 сакавіка ў Берасцейскі гарвыканкам падаў адзін з актывістаў кампаніі супраць будаўніцтва заводу Фёдар Петрусевіч. Якое рашэнне прынялі берасцейскія ўлады, не вядома. Але людзі ў любым выпадку плануюць выйсці на плошчу, каб «карміць галубоў».

Акумулятарны завод «iPower» будуюць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Паводле мясцовых актывістаў, прадпрыемства будзе выкарыстоўваць састарэлую тэхналогію і можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне.

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў