Берасцейцы выйшлі на пратэст супраць свінцу. Стрым


29 красавіка жыхары Берасця сабраліся у Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, каб пратэставаць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПауэр». Нашая здымачная група вядзе трансляцыю.

Мітынг у Берасці. Фота – Мілана Харытонава
29 красавіка 2018 года. У Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў у Берасці сабралося некалькі сотняў чалавек

Кампанія «АйПауэр» распачала будаўніцтва акумулятарнага заводу напрыканцы 2017 года. Падрадчыкам выступае кітайскай карпарацыя.

Арганізатары акцыі вырашылі правесці яе ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў пасля таго, як улады не пагадзіліся на цэнтр гораду
Пад зваротам супраць пабудовы акумулятарнага заводу падпісаўся кожны дзесяты берасцеец

Афіцыйная экалагічная экспертыза сцвярджае, што ўздзеянне прадпрыемства на навакольнае асяроддзе будзе нязначным, але мясцовыя жыхары не давяраюць гэтым звесткам.

Людзі кажуць, што не хочуць дыхаць свінцом

Берасцейцы сабралі каля 40 000 подпісаў супраць будаўніцтва і накіравалі іх у Адміністрацыю прэзідэнта.

Людзі пратэстуюць, бо не хочуць жыць побач з акумулятарным заводам

Кожныя выходныя берасцейцы прыходзяць у цэнтр гораду, каб «карміць галубоў», пратэстуючы такім чынам супраць будаўніцтва заводу.

Прынцып працы свінцова-кіслотных акумулятараў заснаваны на электрахімічных рэакцыях свінцу і дыяксіду свінцу ў водным растворы сернай кіслаты.

Сёння ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў сабралася некалькі сотняў чалавек, каб выказаць сваю нязгоду з пабудовай прадпрыемства.

Мітынг у Берасці. Фота – Мілана Харытонава
На мітынгу выступае інжынер хімік-тэхнолаг Людміла Страдальчанка. Фота – Мілана Харытонава

Падчас акцыі інжынер, хімік-тэхнолаг Людміла Страдальчанка, якая вывучала вытворчасць акумулятараў на базе Падольскага акумулятарнага заволу, заявіла, што тое, што яна там пабачыла, пакінула след у яе свядомасці на ўсё жыццё.

«Уся зямля вакол заводу на многія кіламетры была забруджаная – расліны, глеба, паверхневыя воды. Забруджаная рака Пахра, якая цячэ праз Падольск, завод зліваў туды адкіды. У выніку завод закрылі, а ў апошнія гады робяцца спробы ачысціць зямлю ад шкодных рэчываў», – заявіла Страдальчанка.

Мітынг у Берасці. Фота – Мілана Харытонава

«У наш горад прыйшла бяда, – дадала спецыялістка. – Не бывае бяспечных у экалагічным плане вытворчасцяў свінцовых акумулятараў».

Свінец – адзін з галоўных складнікаў, які выкарыстоўваецца пры вытворчасці акумулятараў.

Напачатку сакавіка актывістам, якія змагаюцца супраць будаўніцтва заводу, паабяцалі, што акумулятарным заводам пад Берасцем зоймецца Адміністрацыя прэзідэнта.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў