У Берасці пасля выкліку ДАІ кіроўцу аўтамабіля прыйшлося зняць расейскі сцяг і георгіеўскую стужку


Берасцейскі журналіст Алесь Ляўчук пабачыў расейскі сцяг і георгіеўскую стужку на машыне берасцейскіх электрасетак і папрасіў кіроўцу прабраць непажаданую ў Беларусі сімволіку з аўта.

Кіроўца адмовіўся, у выніку справа дайшла да выкліку міліцыі.

«Беларускія законы забараняюць размяшчаць на лабавым шкле любыя прадметы. Выклікаючы міліцыю, дзяжурны супрацоўнік доўга не хацеў дасылаць машыну ДАІ, але ўсё ж настаяў. Потым не хацеў працаваць супрацоўнік ДАІ, які прыехаў, але ўсё ж вывучыўшы беларускае заканадаўства – пачаў дзеяць. У выніку быў прапанаваны кампрамісны варыянт. Кіроўца здымае стужку і сцяг, я не настойваю на складанні пратаколу. Такі варыянт мяне задаволіў, бо сваіх мэтаў у гэтай сітуацыі я дасягнуў», – распавёў «Белсату» Алесь Ляўчук.

У апошні час даволі часта прадстаўнікі ўлады не рэкамендуюць выкарыстоўваць расейскі сцяг і георгіеўскую стужку, а ДАІ адназначна расцэньвае любыя сімвалы на лабавым шкле, як парушэнне. За гэта можна атрымаць штраф.

Кіроўца здымае георгіеўскую стужку

У чэрвені пасля яшчэ адной скаргі Алеся Ляўчука на расейскі сцяг на машынах камунальнікаў, на кіроўцаў склалі пратакол і прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці.

Аб непрымальным выкарыстанні расейскага сцяга гаворыцца ў афіцыйных адказах бабруйскай прыватнай фірмы і берасцейскага дзяржаўнага транспартнага прадпрыемства.

Нагадаем, што памаранчава-чорную стужку, якую ў Расеі называюць «георгіеўскай», пачалі негалосна пазбягаць у Беларусі праз год пасля таго, як яна фактычна зрабілася сімвалам расейскіх акупантаў і прарасейскіх сепаратыстаў ува Украіне.

ХВ belsat.eu

Стужка навінаў