У Берасці паказалі пʼесу Чэхава з украінскім акцэнтам (Фота)


Выступ львоўскага тэатру ў Берасці

Пʼеса «Чайка» у выкананні Львоўскага духоўнага тэатру «Воскресіння» выклікала захапленне берасцейскага гледача.

Пʼеса была паказаная ў рамках 21-га міжнароднага фестывалю «Белая Вежа».

Гэты фестываль Берасце традыцыйна прымае ў сярэдзіне верасня. Сёлета на «Белую Вежу» прыехала 26 калектываў з 16 краінаў. Традыцыйна найбольшую цікавасць публікі выклікаюць вулічныя пастаноўкі, якія праходзяць на галоўнай плошчы гораду. Бо вулічныя прадстаўленні гэта заўсёды маляўніча, а паглядзець іх можна абсалютна бясплатна. Для параўнання: спектаклі «пад дахам» каштуюць у сярэднім ад 12 да 15 рублёў, да таго ж дастаць квіток на іх няпроста.

У праграме сёлетняга фестывалю два вулічных спектаклі – у выкананні львоўскага духоўнага тэатру «Воскресіння» і чэшскага «Тэатру Новага Фронту», спектаклем якога ў пятніцу і скончыцца фэст.

Вяртаючыся да «Воскресіння», варта сказаць, што выступ львоўскіх актораў адбываўся без словаў, але ўсё цітры былі па-ўкраінску.

«Чайку» граем другі год. Інтэрпрэтацыя пʼесы ў нашым выкананні адлюстроўвае стыль нашага тэатру. Мы так бачым Чэхава. Спачатку быў «Вішнёвы сад», цяпер «Чайка». Перадаем свае асацыяцыі на тэксты Чэхава, а ў гледача ўзнікаюць свае. Разам мы і робім нешта незвычайнае», – кажа львоўскі актор Пятро Мікіцюк, які пры нагодзе дзякуе берасцейскай публіцы за цёплыя прыёмы.

Спадабаўся ўкраінскі тэатр і берасцейцам.

«Спектакль атрымаўся на ўсе 100%. Выдатная праца актораў, прыгожыя дэкарацыі. Гледачы львоўскі тэатр заўсёды ўспрымаюць з вялікай цеплынёй і любоўю», – кажа дзяўчына.

Іншыя гледачы таксама адзначаюць талент львоўскіх тэатралаў.

СА, belsat.eu, фотаздымкі Мілана Харытонава

Стужка навінаў