У Берасці пачалі кампанію, каб забараніць рэкламу тытуню


Берасцейская абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у межах кампаніі «За наш горад» пачала кампанію, скіраваную на забарону рэкламы тытуню.

З 1 ліпеня 2015 года ў Беларусі пачаў дзейнічаць закон, які забараняе выкладаць на вітрынах ды паліцах тытунёвыя вырабы. Інфармацыю пра цыгарэты можна размяшчаць толькі ў выглядзе спісу з указаннем іх назвы і коштаў. Але вясной 2016 года на прыпынках грамадскага транспарту зʼявіліся шматлікія шапікі, дзе вялікімі літарамі напісана «Тытунь».

У межах кампаніі «За наш горад» актывісты прыступілі да збораў подпісаў за забарону рэкламы тытуню. Берасцейцы стварылі электронную петыцыю, а таксама пачалі збор подпісаў традыцыйным рукапісным спосабам. У межах кампаніі дзеячы распаўсюджваюць таксама інфармацыйныя матэрыялы. Іхная мэта – дамагчыся забароны альбо змены шыльды на кіёсках з назвай «Тытунь».

Як і чаму адбываецца кампанія, распавёў Belsat.eu Ігар Маслоўскі, старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

– Колькі дзяржава зарабляе на тытуні?

– На жаль, мы не валодаем такой інфармацыяй, але думаем, гэта вельмі прыбытковы бізнес. Тым не менш, нашая краіна ратыфікавала Рамачную канвенцыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) па барацьбе супраць тытуню, паводле якой трэба значна скараціць паленне сярод асобаў ад 15 года жыцця.

– Як рэагуюць на кампанію жыхары, улады?

– Большасць жыхароў гораду станоўча ацэньвае нашы намеры, уключна з тых, хто паліць. Напрыклад, некалькі чалавек сказалі, што яны паляць, але не хочуць, каб дзеці або ўнукі бачылі рэкламу тытуню на кожным прыпынку. Берасцейскі аблвыканкам і санітарна-эпідэміялагічная служба на тэрыторыі Берасцейскай вобласці ладзяць інфармацыйна-адукацыйныя акцыі «Берасцейшчына без тытуню!» Узнікае парадаксальная сітуацыя. Улады з аднаго боку агітуюць за тытунь, з другога супраць тытуню. Цягам шматлікіх гадоў мясцовыя ўлады змагаліся з шапікамі ў сваіх гарадах: то асартымент не такі, то выгляд псуе гарадскі пейзаж. Берасцейскі гарадскі савет дэпутатаў 10 гадоў таму прыняў нават адмысловую «Канцэпцыю ўпарадкавання і арганізацыі сучасных формаў дробнарознічнага гандлю і паслуг у Берасці» (дарэчы, яна дзейнічае да сённяшняга дня). Дык вось, у адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй увесь гэты гэты вонкавы дробнарознічны гандаль «перашкаджае фармаванню эстэтычнага ўзроўню гарадскога асяроддзя, у выніку чаго не паляпшаецца гандлёвае абслугоўванне насельніцтва.

– Чаму мы вырашылі ўзяцца за гэтую кампанію?

– Да нас праз сацыяльныя сеткі звярнуліся шмат якія жыхары гораду, якія выказалі сваю заклапочанасць усталяваннем шапікаў з назвай «Тытунь». У Берасці дзейнічае кампанія «За наш горад». Адна з мэт кампаніі – дапамога жыхарам гораду ў вырашэнні мясцовых і рэгіянальных праблем. На наш погляд, продаж цыгарэт дыскрэдытуе ідэю здаровага ладу жыцця і зводзіць на нішто ўсе папярэднія станоўчыя вынікі дзяржавы, скіраваныя на зніжэнне ўзроўню спажывання тытуню. Гандлёвыя абʼекты з назвай «Тытунь» – гэта нават не схаваная, а прамая рэклама цыгарэт і іншых тытунёвых вырабаў. Кампанія адпавядае нашым каштоўнасцям, таму сацыял-дэмакраты падтрымліваюць гэтую кампанію.

– Як ацэньваеце наступствы ўказу, які забараняе выкладваць у вітрынах і на паліцах тытунёвыя вырабы?

– У сувязі з масавымі ўстаноўкамі кіёскаў з назвай «Тытунь» наступствы зведзеныя на нуль. Гандлёвыя абʼекты «Тытунь» ды іншыя стаяць на прыпынках грамадскага транспарту ў непасрэднай блізкасці ад школ, дзіцячых садкоў, установаў аховы здароўя, культуры і спорту. Даступнасць і дакучлівая рэклама спрыяюць павелічэнню спажывання тытунёвых вырабаў.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў