У Берасці маці, якая сама выхоўвае дваіх малалетніх дзяцей, будуць судзіць у крымінальнай справе


Да 6 гадоў турмы пагражае берасцейцы Дар’і Паляковай за парваны рукаў міліцыянта – жанчына спрабавала не даць затрымаць свайго калегу па прафсаюзе РЭП Аляксандра Сахарука, за гэта яна апынулася спачатку ў ІЧУ, а пазней на яе завялі крымінальную справу.

Усе адбылося 25 кастрычніка ў цэнтры Берасця, калі людзі пачалі збірацца на чарговую нядзельную акцыю. Сябра прафсаюзу РЭП Аляксандр Сахарук выйшаў тады з нацыянальным сцягам, і яго адразу пачалі затрымліваць. Некалькі жанчын, у тым ліку і Дар’я, пачалі бараніць мужчыну. На ўсіх іх завялі крымінальную справу, а справа Паляковай была выведзеная ў асобную вытворчасць. Дарэчы, сам ветэран-афганец Сахарук адседзеў за тую акцыю 13 содняў арышту.

Дар’я Палякова, фота «Белсат»

«У той дзень я ішла да сястры, выйшла на Савецкую, і пачула крыкі Сахарука, для мяне гэты чалавек герой, і мне не зразумела, як яго могуць затрымліваць», – распавяла Дар’я «Белсату», – і я спантанна, на эмоцыях узяла за руку міліцыянта, прасіла адпусціць Аляксандра. У выніку яшчэ адна нашая калега па прафсаюзе Зінаіда Міхнюк адцягнула мяне і сказала, што нельга дакранацца да міліцыянтаў».

Дар’я адна выхоўвае двух дзяцей, дачку 5 гадоў і сына 8 гадоў, але 25 кастрычніка яе ўсе роўна затрымалі ды адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Праз пару дзён як я выйшла з ІЧУ, мне патэлефанаваў следчы са Следчага камітэту, мяне абвінавачваюць у тым, што я парвала міліцыянту куртку, быццам на відэа гэта ёсць – толькі не зразумела, хто канкрэтна гэта зрабіў. І яшчэ адзін цікавы момант: людзей збіваць можна, а да міліцыянтаў нават дакранацца нельга», – кажа Палякова.

Дарʼя Палякова з дзецьмі, фота з асабістага архіву

У доме жанчыны правялі ператрус і забралі 2 сістэмныя блокі, тэлефоны і ноўтбук, а таксама блакавалі банкаўскія карткі. Палякова – абвінавачаная ў крымінальным артыкуле 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў унутраных справаў). У матэрыяле справы напісана, што жанчына ўжыла фізічны гвалт супраць супрацоўніка міліцыі – замінала праходу да службовага аўтамабіля, хапала за рукаў службовага абмундзіравання, пасля чаго пашкодзіла яго. Дар’і пагражае да 6 гадоў вязніцы, справа ўжо перададзеная ў суд.

«Улады спрабуюць стварыць як мага больш палітвязняў у нашай краіне. Гэта рэакцыя на пратэсты: масавыя затрыманні, арышты, асуджэнні, заключэнні пад варту, – гэта робіцца, каб максімальна запалохаць людзей у Беларусі. Правасуддзе ў нас цяпер хуткае, але не справядлівае. Гэта асаблівасць нашых судоў, якія не разбіраюцца. Задача ў іх як мага хутчэй асуджаць – пытанні справядлівасці, правы асуджаных – гэта на другім або апошнім месцы. Цяпер мы прыйшлі да такой эпохі судовых працэсаў. Улады думаюць, што пратэст памяншаецца і трэба па максімуме асудзіць, а потым яны могуць нават кагосьці і выпусціць», – распавёў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

На мінулым тыдні ў Берасці за ўдзел у акцыях пратэсту на 3,5 гады былі асуджаныя Аляксандр Бабіч, 3 гады атрымаў Міхаіл Шабалюк, а Дзмітрыю Шчурко прысудзілі два гады хатняй хіміі.

АС belsat.eu

Стужка навінаў