У Берасці маці малалетніх дзяцей прысудзілі два гады хатняй хіміі


Дар’я Палякова атрымала два гады хатняй хіміі і 10 рублёў кампенсацыі супрацоўніку міліцыі. Фота belsat.eu

У судзе Ленінскага раёну Берасця 19 студзеня агучылі прысуд Дар’і Паляковай, якая адна выхоўвае дваіх малалетніх дзяцей.

Жанчына атрымала два гады хатняй хіміі і мусіць сплаціць 10 руб. кампенсацыі супрацоўніку міліцыі. Дарʼю Палякову судзілі паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных справаў»).

«Я спадзявалася на штраф, у выніку атрымалася меней, чым патрабаваў пракурор, але зусім не тое, на што я спадзявалася. Паколькі я адна гадую дваіх дзяцей, была надзея, што мне дадуць штраф. Цяпер планую паразмаўляць з маіх адвакатам і абскардзіць гэтыя рашэння суду», – сказала ў размове з «Белсат» Дар’я Палякова.

Суддзя Святаслаў Каліна прысудзіў Паляковай два гады хатняй хіміі. Фота belsat.eu

Палякову абвінавачваюць у тым, што яна парвала рукаў у куртцы міліцыянта. Адбылося гэта летась 25 кастрычніка падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Берасця, калі Дарʼя спрабавала не даць затрымаць свайго калегу.

«Лічу, што Палякову ні за што судзілі, зачыстка ў краіне працягваецца, яны ўзяліся за наш Прафсаюз РЭП, сябрамі якога мы з Дар’яй з’яўляемся. Хачу, сказаць, што з такімі жанчынамі, якія мяне абаранялі пад час майго затрымання я б пайшоў на выведку», – заявіў «Белсату» сябра Прафсаюза РЭП Аляксандр Сахарук.

Дар’я Палякова на судзе. Фота belsat.eu

«Тое што, адбылося з Дар’яй Паляковай, гэта абуральна, дзяўчына дакранулася да курткі міліцыянта, тая парвалася, за гэта два гады хіміі. Па-першае, гэта не адпавядае, таму, што адбылося, па-другое гэта замоўная палітычная справа, каб напалохаць людзей, і зрабіць так, каб яны не выходзілі на пратэсты», – адзначыў праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін.

Галоўны доказ – парваная куртка міліцыянта – ляжала ўдома ў сілавіка і была далучаная да матэрыялаў справы толькі на апошнім паседжанні суда, 16 студзеня. Паводле арт. 364 КК Дарʼі пагражала да 6 гадоў зняволення, але пракурор запатрабаваў 3 гады хатняй хіміі. Суддзя Святаслаў Каліна прысудзіў Паляковай 2 гады хатняй хіміі, тыя ж 2 гады хатняй хіміі перад новым годам Каліна прысудзіў іншаму берасцейцу, Дзмітрыю Шчурко.

  • Падзея адбылася 25 кастрычніка ў цэнтры Берасця, калі людзі пачалі збірацца на чарговую нядзельную акцыю. Сябра прафсаюзу РЭП Аляксандр Сахарук выйшаў тады з нацыянальным сцягам, яго адразу паспрабавалі затрымаць. Некалькі жанчын, у тым ліку і Дар’я, пачалі бараніць мужчыну. На ўсіх іх завялі крымінальную справу, а справу Паляковай вылучылі ў асобнае вядзенне. Дарэчы, ветэран-афганец Сахарук адседзеў за тую акцыю 13 содняў арышту.
  • Дар’я адна выхоўвае дваіх дзяцей, дачку 5 гадоў і сына 8 гадоў, але 25 кастрычніка яе ўсе роўна затрымалі ды адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Hавiны
У Берасці маці, якая сама выхоўвае дваіх малалетніх дзяцей, будуць судзіць у крымінальнай справе
2020.12.29 11:46

МХ belsat.eu

Стужка навінаў