У Берасці каля 100 праціўнікаў акумулятарнага заводу прайшліся шэсцем па горадзе


Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці зладзілі традыцыйную нядзельную акцыю пратэсту, на якую сабраліся каля 100 асобаў. Акцыя прайшла ў двух фарматах – у выглядзе кармлення галубоў і шэсце па вуліцах гораду да кінатэатру «Беларусь», распавёў «Белсату» праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

«Міліцыянтаў стала меней, а тыя, што ёсць – не агрэсіўныя. Гэта пазітыўна. Акрамя таго, пад ціскам грамадства ўлады вымушаныя рэагаваць на тое, што адбываецца і ўсё больш і больш фактаў парушэння заканадаўства і правоў грамадзянаў высвятляецца і агучваецца. Улады публічна асуджаюць вінаватых», – распавёў «Белсату» праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Міліцыянты праз гукаўзмацняльнікі папярэджвалі людзей на плошчы пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але затрыманняў не было.

Удзельнікі акцыі «кармлення галубоў» лічаць, што спыніць запуск акумулятарнага заводу ўдалося толькі дзякуючы намаганням грамадскасці. Але пры гэтым пратэстоўцы лічаць, што насамрэч кола ўцягнутых у фальсіфікацыі і злоўжыванні значна шырэйшае. А тых асобаў, якіх асуджаюць – гэта робіцца толькі дзеля таго, каб стварыць бачнасць, што вядзецца барацьба з карупцыяй. Яшчэ адна прычына саступак уладаў – жаданне прыпыніць хвалю пратэстаў і не дапусціць яго пашырэння.

Будаўніцтва акумулятарнага заводу на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Берасце» пачалося ў канцы 2017 году. З 25 лютага 2018 года праціўнікі будаўніцтва заводу збіраюцца кожную нядзелю ў цэнтры Берасця, каб сімвалічна пакарміць галубоў.

Hавiны
Эканамічны суд абавязаў «АйПауэр» вярнуць грошы Берасцейскаму аблвыканкаму
2020.02.05 13:49

belsat.eu

Стужка навінаў