У Берасці грузаперавознікі, якім не хапіла польскіх «дазволаў», зладзілі страйк


Берасцейскія грузаперавознікі выйшлі на пратэст з мэтай справядлівага размеркавання польскіх «дазволаў», якіх не хапіла больш чым паўтысячы дробных фірмаў. Акцыя цягнулася каля 10 хвілінаў на трасе М1 каля Берасця, паведамляе TUT.by.

У акцыі пратэсту прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў аўтамабіляў. Грузаперавознікі сабраліся на запраўцы «Беларуснефть» на трасе М1. Пасля кіроўцы рушылі калонай да Камянецкага кальца, па якім праехалі некалькі кругоў з уключанай аварыйнай сігналізацыяй і на нізкай хуткасці. За гэты час на ўездзе на кальцо з боку вуліцы Радужнай утварыўся невялікі затор. На месца прыбылі некалькі экіпажаў ДАІ.

Берасцейскія дальнабойнікі скардзяцца на тое, што іх пазбаўляюць працы і хлеба. Акрамя таго чакаецца, што ў Менску адбудзецца сустрэча грузаперавознікаў з прадстаўнікамі Мінтрансу, падчас якой будуць абмяркоўваць «дазволы».

Мінтранс на мінулым тыдні размеркаваў сярод беларускіх грузаперавознікаў адмысловыя дазволы на праезд па Польшчы. Але дазволаў хапіла далёка не ўсім. Паводле пэўных ацэнак каля 600 кампаніяў, большасць з якіх – дробныя, засталіся без працы.

Колькасць транспартных дазволаў для беларускіх грузаперавознікаў была ўзгоднена ў лістападзе летась на пасяджэнні польска-беларускай камісіі па міжнародным аўтамабільным транспарце. Польшча выдала на 2019 год 199 тысячаў дазволаў. У 2018 годзе было выдадзена 203 000 дазволаў.

«Беларускі бок прасіў павялічыць квоту да 220 тысячаў дазволаў. Аднак гэта не адпавядала ўзгадненню польскага боку» – паведамляе партал trans.infо.

Наступныя польска-беларускія перамовы вакол гэтага пытання адбудуцца ў красавіку 2020 года.

Аб’ектыў
«Транспарту няма». Чаму скончыліся дазволы на праезд па Польшчы?
2019.12.12 21:58

СК belsat.eu

Стужка навінаў