У Берасці будуць судзіць двух праціўнікаў акумулятарнага заводу


Міліцыянты склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў дачыненні да берасцейцаў Андрэя Сліжа і Аляксандра Марачэўскага. Актывісты, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, прымалі ўдзел у агітацыйных пікетах кандыдаткі ў дэпутаты Паліны Шарэнды-Панасюк.

Справа ў дачыненні да актывістаў распачатая паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года). Андрэю Сліжу і Аляксандру Марачэўскаму пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад 510 да 1275 рублёў). Справа будзе разглядацца ў судзе Ленінскага раёну Берасця.

«Падчас агітацыйнай кампаніі Паліна Шарэнда-Панасюк ладзіла шэраг пікетаў, у якіх прымалі ўдзел і актывісты. На пікетах у сваю чаргу гучала шмат крытыкі ў дачыненні да ўлады. А цяпер, калі выбарчая кампанія завершылася, ладзіцца банальная помста актывістам», – пракаментаваў «Белсату» праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Аляксандр Марачэўскі і блогер Сяргей Пятрухін у судзе.
Фота: «Берасцейская Вясна».

Андрэй Сліж і Аляксандр Марачэўскі падчас агітацыйных пікетаў Паліны Шарэнды-Панасюк раздавалі мінакам улёткі з лагатыпам «Стоп завод». Сама кандыдатка таксама выступала супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці.

Праваабаронцы лічаць складзеныя пратаколы чарговай спробай ціску на праціўнікаў з’яўлення шкоднай вытворчасці каля абласнога цэнтру.

Берасцейцы, якія выступаюць супраць будаўніцтва заводу па вырабу акумулятараў, падчас выбарчай кампаніі вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але ўлады зарэгістравалі толькі аднаго – Уладзіміра Мароза. Падчас агітацыйнай кампаніі актывіста знялі з выбараў на падставе таго, што той нібыта парушаў выбарчае заканадаўства.

ВІДЭА
«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу
2019.05.25 11:43

СК belsat.eu

Стужка навінаў