У Берасці асудзілі затрыманых актывістаў, якія выступаюць супраць заводу АКБ


У Берасці судзілі затрыманых перад выходнымі Аляксандра Кабанава, Дзмітрыя Андрасюка і Дзмітрыя Бекалюка. Кабанава і Андрасюка пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Справу Бекалюка разгледзяць 22 красавіка, паведаміў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

Дзмітрыя Бекалюка, актывіста, які выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасця затрымалі 17 красавіка. Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка міліцыянты затрымалі 18 красавіка. Выходныя актывісты правялі ў ізалятары часовага ўтрымання ў Берасці. Пазней стала вядома, што актывістам інкрымінуюць удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі (арт. 23.34 ч.1. і арт. 23.34 ч.3 КААП).

«Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Андрасюк атрымалі па 15 дзён арышту. З залі суда іх забралі ў ІЧУ адбываць пакаранне. Дзмітрый Бекалюк заявіў хадайніцтва пра тое, што яму патрэбен адвакат, таму разгляд яго справы перанеслі на 22 красавіка на 15.30. Агулам суд разглядаў справы актывістаў каля гадзіны», – распавёў «Белсату» Раман Кісляк, праваабаронца.

Нягледзячы на затрыманне актывістаў, у нядзелю каля 280 берасцейцаў традыцыйна выйшлі на акцыю «кармлення галубоў». Адным з патрабаванняў, якія гучалі з вуснаў пратэстоўцаў было патрабаванне вызваліць затрыманых актывістаў.

Hавiны
На Вялікдзень у Берасці 280 асобаў выйшлі на акцыю супраць заводу АКБ
2020.04.19 14:45

belsat.eu

Стужка навінаў