У Берасці актывісты збіраюць грошы на незалежную экспертызу акумулятарнага заводу


Грамадскасць, якая змагаецца з пабудаваным каля Берасця акумулятарным заводам, запусціла новы механізм у сваёй барацьбе. Праціўнікі заводу абвясцілі аб правядзенні грамадска-экалагічнай экспертызы.

Праціўнікі акумулятарнага заводу ў Берасці вырашылі па-іншаму змагацца з працай гэтага прадпрыемства. На пляцоўцы molamola.by актывісты запусцілі збор сродкаў для незалежнай экспертызы. Неабходна сабраць 9000 рублёў. На вечар 3 снежня сабрана ўжо 1690 рублёў.

– Экспертызу сказаў правесці Аляксандр Лукашэнка, калі прыехаў у Берасце на святкаванне 1000-годдзя гораду. Згодна з законам «Аб ахове навакольнага асяроддзя» мы павінны правесці экспертызу за свае грошы ў месячны тэрмін з моманту прадстаўлення дакументаў у Міністэрства прыродных рэсурсаў, але дакументы «АйПаўэр» да гэтага часу не прадставіў, і нават не адказвае на лісты, – сказаў «Белсату» адзін з лідараў пратэсту супраць заводу Зміцер Бекалюк.

Зміцер Бекалюк. Фота: Belsat.eu

Ініцыятыўная група супраць заводу амаль адразу пачала пошук экспертаў у галіне экалогіі, якія маглі б правесці незалежную экспертызу. Паводле Бекалюка, гэта будзе высокакваліфікаваны склад спецыялістаў: прафесары, дактары навук з Украіны, Расеі і Казахстану.

– Упэўнены, незалежная экспертыза пакажа ўсю небяспеку гэтага заводу, парушэнні па выкіду свінцу і сернай кіслаты. І стане зразумела, што гэты завод не адпавядае нормам беларускага заканадаўства, не можа размяшчацца ў гэтым месцы. Мяркую, не прызнаць вынікі гэтай экспертызы, калі яе падпішуць восем чалавек з навуковымі званнямі, будзе складана, – кажа Бекалюк.

Старшыня Берасця: Тэма акумулятарнага заводу ў бліжэйшыя паўгода неактуальная

Актывісты ўпэўнены, што незалежная экспертыза паставіць кропку ў пытанні акумулятарнага заводу пад Берасцем. Хаця завод не губляе надзеяў падаць новую заяўку і прайсці дзяржаўную экспертызу.

– Чыноўнікі нам пацвердзілі, што без грамадска-экалагічнай экспертызы ў заводу не будуць прынятыя дакументы на правядзенне дзяржаўнай экспертызы. А дзяржаўная экспертыза мусіць прайсці з улікам нашай незалежнай экспертызы, – дадае актывіст.

Ужо больш за тры месяцы завод пад Берасцем не працуе, але актывісты дамагаюцца поўнага закрыцця прадпрыемства і вывазу з яго тэрыторыі ўсяго абсталявання, а ў ідэале – перапрафілявання прадпрыемства.

Берасцейцаў задаволіць толькі закрыццё акумулятарнага заводу

АС Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары