У Белстаце распавялі, чаму не ўсе беларусы атрымліваюць абяцаны сярэдні заробак


Гледзячы на інфармацыю пра сярэднестатыстычныя заробкі ў краіне, многія Беларусі здзіўляюцца такім лічбам і кажуць, што і блізка не бачылі іх. Пра тое, чаму так адбываецца, на сустрэчы ў «Прэс-клубе» 16 красавіка распавяла начальніца Галоўнага ўпраўлення статыстыкі працы Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Бандарэнка.

Ад прыбяральшчыцы да генеральнага дырэктара

Прадстаўніца Белстату адзначыла, што сярэдні заробак ёсць сярэднім паказнікам, які ўлічвае заробкі ўсіх працаўнікоў Беларусі незалежна ад віду дзейнасці і пасады: «ад прыбяральшчыцы да генеральнага дырэктара», якія падзеленыя на колькасць усіх работнікаў краіны.

Hавiны
Федэрацыя прафсаюзаў прапануе ўвядзенне сістэмы страхавання ад нявыплаты заробкаў
2019.04.12 16:01

Пры гэтым улічваецца спіскавы і няспіскавы склад работнікаў, а таксама фонд заробку прадпрыемстваў, у які ўваходзяць не толькі аклад работнікаў, але таксама прэміі, розныя надбаўкі, адпускныя ды іншыя грашовыя і натуральныя паступленні работнікаў.

Больш за тое, падкрэсліла Ірына Бандарэнка, у разлік бяруцца «брудныя заробкі» – то бок да выплаты падаходнага падатку і абавязковага страхавога ўнёску.

«Атрымліваецца сума большая, чым мы атрымліваем на рукі», – распавяла яна.

Агулам гэтая методыка адпавядае стандартам і рэкамендацыям Міжнароднай арганізацыі правы, падкрэсліла прадстаўніца Белстату.

Як і для чаго збіраюцца дадзеныя

Ірына Бандарэнка таксама распавяла пра методыку збору дадзеных пра заробкі. Паводле яе, 12-га чысла кожнага месяца ўсе буйныя і сярэднія арганізацыі Беларусі запаўняюць адпаведную статыстычную форму, куды ўносяць інфармацыю пра фонд заробку, колькасць прынятых і звольненых работнікаў, іх агульны лік ды іншыя дадзеныя.

Hавiны
Заробкі бюджэтнікам вырастуць за кошт звальненняў і аптымізацыі колькасці працаўнікоў
2019.04.11 18:17

Пасля праверкі і ўдакладнення гэтай інфармацыі на мясцовым і нацыянальным узроўнях, звесткі пра намінальны налічаны сярэднемесячны заробак публікуюцца 24-га чысла.

Патрэбныя гэтыя дадзеныя для аналізу і прагназавання сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. На падставе гэтай інфармацыі пераглядаюцца памеры пенсій, дапамогаў у няпрацаздольнасці і даглядзе за дзецьмі ды некаторыя іншыя паказнікі. Таксама часам гэтыя дадзеныя запрашваюць патэнцыйныя інвестары, каб ведаць узровень заробкаў і патэнцыял рэгіёну, у які яны збіраюцца ўкладаць сродкі.

З улікам інфляцыі разлічваецца ўжо рэальны заробак.

Чвэрць супрацоўнікаў ІТ атрымлівае больш за 5000 рублёў

Таксама два разы на год у траўні і лістападзе арганізацыі прадстаўляюць статыстычную інфармацыю, у якой размяркоўваюць сваіх супрацоўнікаў адпаведна заробку.

Паводле апошніх дадзеных за лістапад 2018 года, прыкладна 30% работнікаў у Беларусі атрымліваюць заробкі, вышэйшыя за сярэднемесячныя на той момант 994 рубля. Лідарам тут ёсць ІТ-сфера, дзе кожны чацвёрты (26,6 %) мае штомесяц больш за 5000 рублёў. Яшчэ 36,9 % супрацоўнікаў ІТ атрымлівалі ад 2500 да 5000 рублёў. Найніжэйшыя заробкі ў дзейнасці па даглядзе за старымі, хворымі і гэтак далей.

Hавiны
Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра павышэнне заробкаў медыкаў з 1 траўня
2019.04.09 16:45

На падставе гэтай інфармацыі таксама вызначаецца медыянны заробак, які падзяляе работнікаў на дзве роўныя часткі: палова з іх атрымлівае заробак ніжэй за гэтую суму, палова вышэй. У лістападзе 2018 года ён складаў у Беларусі 751,1 рубля.

Нормай лічыцца, калі розніца паміж намінальным сярэднемесячным і медыянным заробкамі па краіне складае ад 20 да 25 %. У Беларусі, паводле апошніх дадзеных, медыянны заробак меншы за сярэднемесячны на 24,4%, то бок знаходзіцца ў межах нормы, адзначыла Ірына Бандарэнка.

У параўнанні з лістападам 2013 года розніца павялічылася на 6,9 працэнтнага пункту. Тады медыянны заробак быў меншы за сярэднемесячны на 17,5 %. Сярод сфераў дзейнасці адзін з найбольшых разрываў паміж медыянным і сярэднім заробкамі ў паветраным транспарце.

Дзе жанчыны, атрымліваюць больш за мужчынаў

Ірына Бандарэнка таксама распавяла пра сезонныя асаблівасці сярэднемесячных заробкаў у Беларусі. Гэтак, штогод яны павялічваюцца ў снежні з улікам разнастайных прэмій і 13-ых заробкаў, а затым рэзка зніжаюцца ў студзені-лютым.

Hавiны
Заробак 1 000 рублёў атрымліваюць толькі ў лічаных рэгіёнах Беларусі
2019.03.28 22:43

У сакавіку, па словах прадстаўніцы Белстату, пасля прэмій да 8 сакавіка жыццё робіцца «весялейшым». А вось летам, асабліва ў ліпені-жніўні, заробкі зніжаюцца з прычыны адпускных. З пачаткам пасяўной растуць заробкі ў сельскай гаспадарцы.

Закранула Ірына Бандарэнка і пытанне разрыву ў аплаце працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Паводле яе, такі разрыў сапраўды існуе, але ён нестабільны і гайдаецца з году ў год. У сярэднім жанчыны атрымліваюць ад 75 да 80% заробку мужчыны.

Але прычыны гэтага, па словах прадстаўніцы Белстату, не ў гендарнай дыскрымінацыі, а ў тым, што жанчыны пераважаюць у менш аплатных сферах (адукацыя, ахова здароўя, дзейнасць па даглядзе за хворымі і састарэлымі), дзе заробкі ў цэлым ніжэй за сярэднія ў краіне. Тады як у больш аплатных ІТ і авіяцыі наадварот пераважаюць мужчыны.

Больш за тое, Ірына Бандарэнка падкрэсліла, што сярод настаўнікаў, справаводаў, бібліятэкараў, дзе колькасна пераважаюць жанчыны, сярэднія заробкі мужчынаў меншыя на 15-20 %, чым у іх калегаў-жанчынаў.

Агулам жа за аднолькавую кваліфікацыю, роўны стаж і роўную працу заробак у Беларусі будзе роўным у мужчыны і жанчыны, падсумавала прадстаўніца статыстычнага ведамства.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў