У «Белсату» хочуць канфіскаваць рэшту тэхнікі, якой не адабралі раней


Справа з аўтарскімі правамі на лагатып Белсату не завершаная. Высветлілася, што суд, які раней адбыўся над Аляксандрам Баразенкам, разгледзеў толькі адзін з эпізодаў.

Цяпер справа вядзецца пра апаратуру, якую адабралі падчас агляду памяшканняў у менскіх офісах «Белсату». Пра новы пратакол па справе аб аўтарскіх правах стала вядома ад аднаго з аператараў-фрылансераў, якога днямі выклікаў оперупаўнаважаны АБЭЗ Першамайскага РУУС Уладзіслаў Падрэз. Журналіст раней скіраваў туды заяву на зварот тэхнікі, якую не вяртаюць ужо амаль год.

12 студзеня не дачакаўшыся афіцыйнага адказу, фрылансер паехаў у аддзяленне міліцыі, каб даведацца пра лёс заявы. Да яго выйшаў Уладзіслаў Падрэз, які раней вёў справу Аляксандра Баразенкі. Пасля размовы міліцыянт патэлефанаваў і папрасіў журналіста прыйсці да яго яшчэ раз у суботу 13 студзеня. Пры гэтым афіцыйнай позвы выпісана не было. У выніку журналіст атрымаў пратакол за незаконнае выкарыстанне таварнага знаку на апаратуры «Белсата».

Паводле прадстаўніка «Белсата» ў Беларусі Аляксея Мінчонка, міліцыянты хочуць давесці справу да суду і канфіскаваць тую тэхніку, якая яшчэ не была канфіскаваная.

«Мне падаецца, супрацоўнікі Першамайскага РУУС дзейнічаюць несамастойна. Яны маюць загад любымі сіламі не вяртаць нашую тэхніку і спрабуюць падвесці гэтае жаданне пад заканадаўства. І будуць спрабаваць сканфіскаваць тэхніку, якую суд яшчэ не канфіскаваў, але якая знаходзілася ў міліцыі пасля ператрусаў. Цяпер трэба чакаць прызначэнне даты суду. Гэта можа адбыцца цягам месяца. Мы не пакінем гэтую справу і будзем дамагацца вяртання тэхнікі», – кажа Аляксей Мінчонак.

Фармальнаю прычынаю ператрусаў і канфіскацыяў стала нібыта незаконнае выкарыстанне «Белсатам» таварнага знаку.

Справа вакол таварнага знаку цягнецца не першы год

Яна сталася прадметам судовых разбіральніцтваў паміж нашым тэлеканалам і ўладальнікам фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым. Паводле яго, СМІ, якое транслюе з тэрыторыі Польшчы, парушае ягоныя бізнесовыя інтарэсы. Летась ён склаў чарговую скаргу.

belsat.eu

Стужка навінаў