У «Белнафтахіме» распавялі, што падатковы манеўр Расеі пагоршыць сітуацыю з цэнамі на паліва


Цяперашнія кошты на паліва ў Беларусі будуць павышацца, бо пакуль не дазваляюць кампенсаваць выдаткі на куплю нафты. Пра гэта БелТА заявіў намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў.

Паводле Сізова, кошт нафты сёлета вырас больш, чым кошт аўтамабільнага паліва ў Беларусі. Сукупнасць росту коштаў на сыравіну на сусветных рынках і змяненне курсу нацыянальнай валюты прывялі да росту фінансавай нагрузкі на нафтаперапрацоўку.

«Вы бачыце стратэгію – плаўнае падвышэнне на 1 капейку. Некаторыя крытыкуюць канцэрн «Белнафтахім» за рост коштаў на АЗС. Хачу звярнуць увагу, што ў дадзеным выпадку канцэрн дзейнічае на баку спажыўца, абмяжоўваючы рост коштаў значна больш нізкім узроўнем, чым гэта неабходна НПЗ для вядзення рэнтабельнай вытворчай дзейнасці і мадэрнізацыі», – адзначыў намеснік старшыні канцэрну.

«Падатковы манеўр», які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з наступнага года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС.

Сізаў падкрэсліў, што канцэрн будзе прытрымлівацца «эвалюцыйнай стратэгіі па змене коштаў на паліва, не робячы рэзкіх крокаў і не перакладаючы цалкам усе праблемы на спажыўца». Што тычацца перспектыў далейшага павышэння коштаў, то сітуацыя будзе залежыць ад стану НПЗ.

«Пакуль мы не бачым, што дасягнулі таго ўзроўню цэны, які дазваляе кампенсаваць выдаткі на куплю нафты, якія ўзраслі. Больш за тое, трэба разумець, што анансаваны падатковы манеўр будзе яшчэ больш пагаршаць сітуацыю», – рэзюмаваў намеснік старшыні «Белнафтахіма».

Цэны на паліва ў Беларусі мяняліся дваццаць два разы з пачатку года.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў