У беларускай зборнай другое золата! Адзначыліся біятланісткі


Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава і Дар’я Домрачава перамаглі ў эстафетнай гонцы 4х6 кіламетраў.

Фота НАК Беларусі

Забег праходзіў у складаных умовах надвор’я, ішоў снег і былі моцныя парывы ветру.

Дар’я Домрачава адправілася на дыстанцыю чацвёртай. Калі яна прымала эстафету, беларуская каманда ішла на чацвёртым месцы і адставала ад лідаркі гонкі на 17 секундаў. На сёмым рубяжы Дарʼя без промахаў паразіла мішэні, і гэта дазволіла ёй апярэдзіць канкурэнтак, і ў выніку першай прыйсці на фініш. Адставанне шведак, якія ўзялі срэбра, склала 10,7 секунды. Трэцімі дыстанцыю скончылі францужанкі (+17,6 секунды). Усяго стартавалі 18 каманд.

Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Дынара Алимбекова сталі алімпійскімі чэмпіёнкамі ўпершыню.

Для Дар’і Домрачавай гэта чацвёрты залаты алімпійскі медаль. Па колькасці залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях Домрачава выйшла на першае месца сярод усіх біятланістак у гісторыі. Беларуска абыйшла Анаставію Кузьміну і Каці Вільхельм, якія маюць па тры залатых медалі.

У Беларусі цяпер тры медалі: золата ў фрыстайле Гуськовай, золата ў біятлоне і срэбра Домрачавай у гонцы на 12,5 кіламетраў.

На дадзены момант беларуская алімпійская каманда ў агульным медалёвым заліку займае 13-ы радок.

Стужка навінаў