У Беларусі змянілі закон «Аб ахове працы»


У закон «Аб ахове працы» прынялі шэраг зменаў. Новаўвядзенні ўступаюць у сілу з 28 чэрвеня 2020 году, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Законам устаноўленыя новыя абавязкі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання. У прыватнасці новаўвядзенні патрабуюць ад чыноўнікаў распрацоўваць і забяспечваць функцыянаванне сістэмаў кіравання аховай працы. Але асноўныя функцыі выканання закону «Аб ахове працы» кладуцца на наймальнікаў.

Працадаўцы з наступнага году павінныя будуць прызначаць адказных за арганізацыю аховы працы. Мала таго, цяпер службовыя асобы атрымаюць права кантраляваць працаўнікоў за выкананне патрабаванняў па ахове працы.

Будаўнікі. Ілюстрацыйнае фота. Belsat.eu

Разам з тым новы закон абавязвае наймальніка кампенсаваць выдаткі за праходжанне медагляду тых, хто паступае на працу. У выпадку аплаты асобай медычнага агляду, наймальнік пасля прыёму на працу мусіць кампенсаваць гэтыя выдаткі.

Працаўнікі атрымалі права адмовіцца ад працы ў выпадку ўзнікнення непасрэднай небяспекі для яго жыцця і здароўя. Пры ўзнікненні такой сітуацыі працаўнік абавязаны пісьмова паведаміць працадаўцу аб матывах адмовы.

Новы закон аб працы дае магчымасць дасудовага разгляду рознагалоссяў па пытаннях расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Закон дапоўнены двума новымі артыкуламі «Ахова працы працаўнікоў-надомнікаў» – артыкул 161 і «Ахова працы хатніх працаўнікоў» – артыкул 162. Ва ўказаных артыкулах замацоўваюцца асаблівасці арганізацыі аховы працы названых катэгорыяў працаўнікоў.

Hавiны
Мінпрацы лічыць, што нормы працоўнага часу і адпачынку на ІП не распаўсюджваюцца
2019.10.08 18:56

СК belsat.eu

Стужка навінаў