У Беларусі збіраюць подпісы за закон супраць хатняга гвалту


Ініцыятыўная група «Маршыруй, дзетка!» самаарганізавалася ў «Фэйсбуку» ў той дзень, калі канцэпцыя «Закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» была раскрытыкаваная кіраўніком Беларусі ды пакладзеная ў далёкую скрыню.

Ужо месяц група ладзіць сустрэчы, абмеркаванні. Але публічныя выступы пакуль нічога не змянілі. У панядзелак актывісты апублікавалі петыцыю, якая паказвае ўсю сур’ёзнасць намеру працягваць барацьбу за прыняцце законапраекта аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі.

«Мы збіраем крытычную колькасць галасоў – не менш за 50 000. Гэта пакажа, што тэма важная і закон патрэбны. Што наш голас важны. Мы хочам прымаць рашэнні і ўплываць на кірунак, у якім рухаецца наша краіна. Статыстычна кожная другая жанчына ў Беларусі сутыкалася з гвалтам. Мы ўпэўнены, што для ўсіх важна, каб гэтая сітуацыя змянілася. Гэта ж пра людзей, з якімі мы кожны дзень сустракаемся. Хіба гэта можа кагосьці не дакранацца?» – так пракаментавалі Belsat.eu свае намеры ўдзельнікі ініцыятыўнай групы.

За два дні петыцыю падпісалі больш за 600 чалавек. Зварот будзе дасланы ўладам праз 27 дзён.

У тэксце петыцыі прапісаны тры галоўныя факты аб праблеме хатняга гвалту ў Рэспубліцы Беларусь. Статыстыка здаецца неверагоднай, але кожная лічба падмацавана спасылкай на афіцыйныя крыніцы.

Кожны год 50 агрэсараў прыцягваюцца да адказнасці

Штогод на лінію 102 паступае каля 150 тысяч званкоў па прычыне сямейна-бытавага скандалу. Штогод здараецца 2 тысячы крымінальных злачынстваў у сямʼі. Штогод 50 тысяч агрэсараў прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці.

Статыстыка: кожная другая жанчына пакутуе ад гвалту

Па апошнім сацыялагічным даследаванні па распаўсюджанасці гвалту ў адносінах да жанчын, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН РБ у 2018 годзе (па замове ЮНФПА), кожная другая беларуска хоць бы аднойчы падвяргалася таму ці іншаму выгляду гвалту. Па даследаваннях 2014 года (ЮНФПА, Інстытут сацыяльна-палітычных даследаванняў БДУ) кожная трэцяя беларуска была ў сітуацыі хатняга гвалту.

Кожнай пятай ахвяры – больш за 60 гадоў

На агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту за 6 гадоў працы звярнулася 11 500 пацярпелых. Сярод іх 94% – гэта жанчыны, 20% – людзі старэйшыя за 60 гадоў. Аднак, як паказваюць даследаванні, па дапамогу і абарону звяртаецца толькі 30% грамадзянак.

Сусветная практыка ў галіне барацьбы з гвалтам у сямʼі даказала, што адмысловы закон аб супрацьдзеянні гвалту ў сямʼі больш эфектыўны, чым асобныя артыкулы крымінальнага, грамадзянскага і адміністрацыйнага заканадаўства.

Закон быў прыняты ў 127 краінах свету, у тым ліку ва Украіне, Казахстане, Грузіі, Літве, Латвіі, Эстоніі і г.д. Вопыт гэтых краін паказвае, што выпадкі ўнутрысямейнага гвалту скарачаюцца ад 20 да 40% пасля прыняцця падобных законаў. На постсавецкай прасторы такога закону няма толькі ў Беларусі і Расеі.

Фатографка Даша Бубен: Мару жыць у свеце, у якім нікому не будуць патрэбныя праекты пра гвалт

ЛП, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары