У Беларусі затрымалі расейскага чыноўніка, падазраванага ў хабарніцтве. Ён збіраўся прасіць прытулку ва Украіне


Пры спробе перасекчы беларускую мяжу быў затрыманы былы начальнік дэпартамента рэкламы міністэрства па кіраванні дзяржаўнай маёмасцю Свярдлоўскай вобласці Ігар Разунін. Як паведамляе ўральскае выданне Znak.com са спасылкай на жонку чыноўніка, цяпер Разунін знаходзіцца ў СІЗА ў Гомлі.

У Расеі Разунін абвінавачваецца ў атрыманні хабараў, ён знік з Екацярынбургу 3 снежня мінулага году напярэдадні чарговага пасяджэння суда па сваёй крымінальнай справе.

Як распавяла Znak.com Разуніна, яе мужа затрымалі яшчэ 8 чэрвеня пры спробе перайсці беларуска-ўкраінскую мяжу. Але вядома пра затрыманне стала толькі цяпер.

«Яму далі магчымасць здзейсніць званок, каб сказаць. Ад яго пра гэта і даведалася, што ён спрабаваў перасекчы мяжу з Украінай, каб папрасіць там палітычны прытулак, але, на жаль, яму не ўдалося гэтага зрабіць», – сказала жанчына.

У Беларусі Разуніна затрымалі на падставе таго, што ён быў аб’яўлены ў вышук, а таксама прысуджаны да завочнага арышту ў Расеі. Цяпер Разунін перабывае ў гомельскім СІЗА.

Расеец падаў прашэнне аб прадстаўленні яму палітычнага прытулку ў Рэспубліцы Беларусь, але, як прызнаецца ягоная жонка, – «шанцаў мала».

Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў пацвердзіў інфармацыю расейскаму агенцтву Sputnik і паведаміў, што цяпер разглядаецца запыт Расеі аб выдачы Разуніна.

КА belsat.eu

Стужка навінаў