У Беларусі запаволілася інфляцыя. Эксперт: Сітуацыя не выклікае асцярог


Спажывецкія цэны ў Беларусі ў сакавіку выраслі адносна лютага на 0,4 %. Разам з тым у сакавіку гадавы прырост спажывецкіх цэнаў знізіўся на 0,4 адсоткавага пункта, да 5,8 %, паведамілі ў Нацыянальным банку. Запаволенне гадавых тэмпаў інфляцыі тлумачаць дынамікаю рэгуляваных цэнаў і тарыфаў, а таксама сезонных цэнаў і базавай інфляцыі.

Гадавы прырост адміністрацыйна рэгуляваных цэн знізіўся з 9,5 % у лютым да 8,2 % у сакавіку ў выніку менш інтэнсіўнага адміністрацыйнага павышэння коштаў у параўнанні з 2018 годам. Сёлета эфект ад падвышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ цалкам рэалізаваўся ў лютым, а летась тарыфы падвышаліся ў лютым – сакавіку. Акрамя таго, у сакавіку 2018 года даражэў праезд пасажыраў цягнікамі, вышэйшая адукацыя і больш значна раслі цэны на паліва.

Рост цэнаў на плодаагароднінную прадукцыю ў сакавіку 2019 года ў гадавым вымярэнні замарудзіўся з 6 да 4,7 %. Асноўны ўнёсак у іх зрабіла гародніна, а бульба і садавіна патаннелі.

Гадавая базавая інфляцыя, на якую не ўплываюць сезонны фактар і рэгулюемыя адміністрацыйна цэны, склала 4,9 % супраць 5 % месяцам раней. Адносна лютага патаннелі мяса і мясапрадукты, што сведчыць «аб паступовым спыненні ўплыву кан’юнктурнага шоку ў галіне жывёлагадоўлі», заявілі ў Нацбанку. Але захоўваецца паскораны рост коштаў на хлеб, муку, большасць крупаў, макароны.

Трэндавая інфляцыя (без уліку шокаў) запаволілася з 4,6 % у лютым да 4,4 % у сакавіку, а сярэдняя інтэнсіўнасць прыросту спажывецкіх цэн знізілася да 4,2 %.

Hавiны
У Менску даражэюць аўтастаянкі
2019.04.04 08:12

Эксперт: Нацбанк пісьменна змагаецца з інфляцыяй

Каментуючы запавольванне інфляцыі, эканаміст Леанід Заіка адзначыў у каментары belsat.eu, што Нацыянальны банк «лагічна і пісьменна змагаецца з інфляцыяй». На яго думку, гэта ёсць у тым ліку вынікам таго, што кіраўніцтва Нацбанку і, у прыватнасці, старшыня Павел Калаур ёсць прыхільнікам інфляцыйнага таргетавання і мінімізацыі інфляцыі.

Таксама суразмоўца адзначыў, што пасля дэнамінацыі рубля агульная грашовая палітыка стала прадказальнай, дзякуючы чаму курс нацыянальнай валюты трымаецца жорстка. На стабільнасць інфляцыі станоўча ўплывае і зніжэнне дэфіцыту вонкавага гандлю ды выхад на станоўчы гандлёвы баланс.

«Гэта дае падставы лічыць, што дэвальвацыйныя працэсы элімінаваныя і вонкавых фактараў інфляцыі асабліва не будзе», – адзначыў эксперт.

Таму, падкрэсліў Леанід Заіка, сітуацыя на сёння не выклікае асцярог. Разам з тым грамадзяне Беларусі, якія ў свой час перажылі гіперінфляцыю, працягваюць і сёння казаць пра высокую інфляцыю, хаця яе, насамрэч, няма, падсумаваў эканаміст.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў