У Беларусі забароняць карыстацца гаджэтамі падчас пераходу дарогі


Новая рэдакцыя правілаў дарожнага руху прадугледжвае забарону мінакам адцягваць сваю ўвагу на гаджэты, пераходзячы дарогу.

Пра гэта БелТА распавёў старэйшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Аляксандр Шаўчэнка.

Грамадскае абмеркаванне праекту гэтых зменаў адбылося яшчэ ў траўні. Цяпер дакумент узгадняюць розныя дзяржаўныя ведамствы.

Неабходнасць у змене заканадаўства з’явілася ў тым ліку праз пашырэнне тэхналогіяў, бо на дарогах стала больш транспарту, які складана аднесці да пэўнай катэгорыі. Гаворка, напрыклад, пра самакаты ды гіраскутэры. Дзеля іх абазначэння ўводзіцца новы панятак – «сродкі персанальнай мабільнасці». А максімальна дапушчальная хуткасць такіх прыладаў будзе складаць 25 км у гадзіну. Асобы, якія выкарыстоўваюць такія сродкі для перамяшчэння, будуць прыраўноўвацца да мінакоў, гаворыцца ў новых правілах

«Перамяшчацца на такіх прыладах трэба будзе па роварных дарожках. Пры іх адсутнасці – па ходніках, абапал, не ствараючы перашкод для руху іншым мінакам», – растлумачыў прадстаўнік ДАІ.

Згодна з абноўленымi ПДР будзе забаронена «пры выхадзе на праезную частку і руху па ёй здзяйсняць дзеянні, што пагражаюць бяспекі дарожнага руху» – гэта значыць ісці ў слухаўках або глядзець на экраны смартфонаў.

Акрамя таго, у новай рэдакцыі ўводзіцца тэрмін «зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху» і адпаведны знак. Маюцца на ўвазе нешырокія вуліцы ў цэнтры гораду, дзе шмат мінакоў. Хуткасць у такіх месцах плануецца абмежаваць да 30 км / г.

Дадаткова ў ПДР пазначаць перыяды, калі ў машын павінна быць уключана блізкае святло фар, – з 25 мая па 5 чэрвеня і з 25 жніўня па 5 верасня.

КА belsat.eu

Стужка навінаў