Беларуская федэрацыя футбола (АБФФ) пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы ФІФА ўпершыню запускае «футбольную лігу для паненак», узрост якіх не перавышае 13 год, паведамляе афіцыйны паблік АБФФ у «Facebookʼу».
«У дэбютным сезоне ў «Футбольнай лізе дзяўчат» згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі. Удзел у спаборніцтвах возьмуць не толькі каманды ад ДзЮСШ ці іншых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установаў, але і прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школаў», – гаворыцца ў паведамленні АБФФ.
Плануецца, што «Футбольная ліга дзяўчат» будзе адукацыйна-арыентаванай. А кожны дывізіён «будзе названы ў гонар выбітнай беларускі – Уршулі Радзівіл, Саламеі Пільштыновай і г.д»., – адзначае АБФФ. Ліга атрымае хэштэг #WOOOOW.
Прэзентацыя праекта адбудзецца 2 красавіка на тэрыторыі культурнай прасторы Ok16 (Менск, вуліца Кастрычніцкая, 16). Пачатак а 14-й гадзіне.
Летась генеральны сакратар Беларускай федерацыі футболу Юрый Вяргейчык заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 5», што не лічыць футбол жаночым відам спорту.
ЮВ belsat.eu