У Беларусі з'явіліся тры новыя птушкі


Беларуская арніта-фаўністычная камісія на паседжанні на пачатку красавіка разгледзела шэсць гатункаў птушак, якіх раней не адзначалі ў Беларусі, і зарэгістравала трох з іх.

Гэткім чынам, у спіс птушак Беларусі ўвайшлі караткадзюбая гуменніца, азіяцкі чорнагаловы ерчык і стрынатка-крошка.

Стрынатка-крошка. Фота – Дзяніс Кіцель

Birdwatch.by падае, што беларускія арнітолагі чакалі на гэтае рашэнне: птушкі ўжо зарэгістраваныя ў балтыйскіх краінах і Польшчы, дзе клімат падобны на наш.

«Калі параўнаць з суседзямі, дзе больш птушкароў і арнітолагаў, у найбліжэйшай будучыні ў Беларусі могуць быць адкрытыя яшчэ 30–50 відаў, і нават агульная лічба ў 400 гатункаў для краіны не выглядае неймавернай! І гэтыя, і іншыя птушкі лятаюць праз Беларусь: трэба быць больш цікаўнымі і пільнымі, заўсёды трымаць пад рукой фотакамеру», – кажа старшыня грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

У чэрвені 2016 у Беларусь на некалькі гадзінаў залятаў яшчэ адзін гатунак – барадач. Самец па мянушцы Адоніс нарадзіўся ў заапарку ў чэшскай Астраве. У 2014-м яго выпусцілі ў дзікую прыроду на поўдні Францыі ў межах рэінтрадукцыі гатунку. Беларускія арнітолагі вырашылі яго не рэгістраваць, але ўнеслі ў дадатак да спісу птушак як «гатунак, які ўцёк або быў выпушчаны з няволі».

Барадач – драпежная птушка з сямейства ястрабіных

Такім чынам, у спісе птушак Беларусі цяпер 332 гатункі.

Апошні раз БАФК папаўняла спіс арнітафаўны ў снежні 2016 года – тады ў яго ўнеслі чатыры гатункі.

ДД

Стужка навінаў