У Беларусі з'явілася першая рота кібервайскоўцаў


У Беларусі зʼявілася першая рота інфармацыйных тэхналогіяў. У новае падраздзяленне ўзброеных сілаў набралі 40 асобаў, іх служба будзе непасрэдна звязана з праграмаваннем.

Маладыя людзі, якім па законе трэба было пайсці ў войска, змаглі добраахвотна прапанаваць сваю кандыдатуру для службы ў ІТ-роце. Як паведаміла Міністэрства абароны, конкурс у новае падраздзяленне склаў восем чалавек на месца, піша TUT.BY

Сярод прызыўнікоў выбралі асобаў з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй па ІТ-спецыяльнасці, якія праявілі найбольшую зацікаўленасць у службе ў роце інфармацыйных тэхналогіяў. У выніку да службы ў новым падраздзяленні прыступіла 40 чалавек.

Навабранцы ўжо прайшлі курс пачатковай вайсковай падрыхтоўкі, выканалі практыкаванні стрэльбаў і прынялі ваенную прысягу. Цяпер у іх працягваецца агульнавайсковая падрыхтоўка, пасля яны прыступяць да выканання задачаў па прызначэнні.

ІТ-рота сфармавана на базе Ваеннай акадэміі Беларусі. Сярод праектаў, якімі займаецца ўстанова, галоўнае значэнне маюць тыя, што звязаны з мадэляваннем вайсковых дзеянняў, навігацыйным забеспячэннем, распрацоўкай аўтаматызаваных сістэмаў кіравання і радыёлакацыі. Праходзіць службу будуць на базе Ваеннай акадэміі. Яны будуць выконваць традыцыйныя воінскія абавязкі, а таксама вырашаць навукова-прыкладныя задачы і ўдзельнічаць у распрацаванні праграмнага забеспячэння.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў