«У Беларусі з намі так не гуляюць». Трэнер, гульцы і заўзятары – пра перамогі «Юнацтва» у Лізе чэмпіёнаў


Галоўны трэнер «Юнацтва» Міхаіл Захараў ацаніў стартавы матч Лігі чэмпіёнаў як вельмі добры. Фота з афіцыйнай старонкі клубу «уКантакце»

Хакейная Ліга чэмпіёнаў, як і гандбольная, як і валейбольная, і блізка не стаіць паводле ўзроўню фінансавай самадастатковасці з падобным турнірам УЕФА. Тут не заробіш. У хакеі, валейболе, гандболе дастаткова стаць чэмпіёнам сваёй краіны, каб практычна забяспечыць сабе еўрапейскі каляндар. Праходзіць праз жорсткае сіта адборачных раўндаў – не трэба. Таму і цешацца сціплым.

Галоўны трэнер менскага «Юнацтва» і зборнай Беларусі Міхаіл Захараў ацаніў стартавы матч Лігі чэмпіёнаў як вельмі добры. Бо ўдалося перагуляць швейцарскую «Лазану», у складзе якой амаль 12 легіянераў. Натхніўся свежасцю ўражанняў і фанацкі сектар чэмпіёна Беларусі.

«Шкада, некаторыя хакеісты пасыходзілі: Стэфановіч, Развадоўскі. Прыйшлі расейцы. Але нядрэнна. Будзем спадзявацца, што і ў сезоне, і ў Лізе чэмпіёнаў усё будзе добра», – кажа заўзятар Аляксандр Сандура.

«Мы едзім разам з камандаю, калі-некалі ўдаецца сустрэцца з камандаю ў нефармальных абставінах. Новы трэнерскі склад: Калюжны Аляксей з’явіўся, Аляксей Баранаў. Добрыя трэнеры-асістэнты. І прабіўная сіла Міхаіла Захарава, натуральна. Падабаецца, як каманда пачала гэты сезон, і ў Лізе чэмпіёнаў пакуль ідзе добра», – працягвае Алег Панкратаў, які заўзее за клуб з 2011 года.

«Юнацтва» вярнулася ў Лігу чэмпіёнаў праз сезон. А ў дэбютны год – у 2016-м, калі турнір быў трэці з ліку, у групах выступала па тры каманды. Менчукі занялі другое месца ў сваім трыа і прабіліся ў 1/16 фіналу, атрымаўшы дзве хатнія перамогі ды зазнаўшы дзве выязныя паразы. А ў раўндзе з выбываннем няўдала атрымалі ў супернікі не толькі дзейнага на той час, але, як аказалася, і будучага пераможцу гэтага турніру – шведскую «Фрэлюнду». На сваёй пляцоўцы менчукі сенсацыйна перамаглі, 3: 2. Але на выездзе зазналі сухую няўдачу, 0: 5.

Сёлетні турнір беларускі чэмпіён распачаў як ніколі ўдала. Можа быць, і дзякуючы таму, што згуляў два хатнія матчы. І няхай не ўдалося набраць максімальныя шэсць пунктаў, бо перамогу над «Лазанаю» выцягнулі толькі ў оўвэртайме, ведучы ў хадзе асноўнага часу 2: 0, але другі матч, супраць чэшскага «Оцэларжы» (Тршынэц), пры ўсёй фізічнай магутнасці суперніка з добрым катаннем гасцей і актыўным прэсінгам, здолелі выгуляць усухую – 2: 0.

«Сёння было цяжэй, складаней. У іх сілаў мала, у нас таксама іх не шмат. Сёння перамагла тая каманда, якая жадала болей, на характары. Шмат відэа глядзім – штодзень ледзь не па тры разы. Што трэба на «пятак» ісці, што трэнеры патрабуюць ад нас. Сёння вось пайшлі на «пятак» правільна: накід, нейкі нягеглы рыкашэт – вось і гол адразу. Будзем працаваць. На выездзе будзе нашмат меней «большасці». Удвух, утрох, паасобку – трэба закідваць, выціскаць на 100 адсоткаў. За конт гэтага мы можам зачапіць на выездзе нейкія пункты, выгуляць», – распавядае нападнік «Юнацтва» Дзмітрый Калгоцін.

«Яны добра распачалі. Але мы здолелі пераламіць хаду сустрэчы. Зараблялі выдаленні для суперніка. І гэтым самым дамагліся выніку. Навал у іх не атрымаўся. Таму што мы выстаялі. Але, канечне, яны атакавалі агрэсіўна. Добра, што мы добра адпрацавалі ў абароне, і брамкар падчысціў нашыя грахі», – кажа абаронца каманды Яўген Нагачоў.

«Калі параўнаць з тым жа «Нёмнам» – такая ж каманда, і актыўна гуляюць, кідаюць. Было цяжка, але мы і ўлетку рыхтаваліся і з камандамі ВХЛ гулялі», – дадае Андрэй Герашчанка,

Міхаілу Захараву другі супернік спадабаўся болей, чым дэбютны. У першую чаргу, з прычыны яго магутнасці. Бо калі «Лазана» больш майстравітая індывідуальна за кошт амаль паўтара дзясятка легіянераў, якія маюць энхаэлаўскі досвед, то «Тршынэц» быў мацнейшы камандаю, цалкам перагуляўшы, паводле Захарава, нашую дружыну ў кутах, часам падоўгу не даючы выйсці з зоны. І, калі б чэшскі клуб зрэалізаваў найбольш удалы свой момант у першым перыядзе і адкрыў лік, усё магло б павярнуцца па-іншаму. Але, паводле настаўніка «Оцэларжы», двухразовага чэмпіёна свету Вацлава Варадзі, чэхам удаецца наладжваць сваю гульню з пачатку, як і ў стартавым двубоі з фінскім «Пэліканз», але потым адбываецца нейкі пераломны момант – ці выдаленне, ці яшчэ што – і камандная гульня разладжваецца. Галоўная праблема «Юнацтва» –дзеянні ў большасці. Але і пры гэтым стартавалі ў Лізе чэмпіёнаў сапраўды (і ў нечым нечакана) удала.

«Яны адразу накрываюць, яны моцныя хлопцы. А мы не паспяваем. У нас Парфеявец маленькі, і яны адразу падкатваюцца, добра клюшкаю граюць. Яны так гулялі з фінамі. Фіны толькі адзін раз узняліся і закінулі. Не давалі стаць ім нават. Мы глядзелі: добрае катанне ў каманды. Таму было і будзе вельмі цяжка. У Беларусі з намі так не гуляюць. Іншы ўзровень. Вельмі высокі ўзровень», – кажа галоўны трэнер каманды Міхаіл Захараў.

Цяпер «Юнацтву» – гуляць дзве выязныя сустрэчы з тымі ж супернікамі. Спачатку ў швейцарскім горадзе Івэрдон-ле-Бэн 6 верасня, а праз дзень – у Тршынэцы. А затым у Лізе чэмпіёнаў настане перапынак больш як на месяц, пасля якога «Юнацтва» згуляе з фінскім «Pelicans»: 9 кастрычніка ў горадзе Лахці ды 15-га – у Менску.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»

Стужка навінаў