У Беларусі вынесены два смяротныя прысуды за забойства маладой пары


На лаве падсудных Вячаслаў Сухарко, Аляксандр Жыльнікаў і Аліна Шульганава. Фота - spring96.org

Менгарсуд прысудзіў да расстрэлу Вячаслава Сухарко і Аляксандра Жыльнікава – двух абвінавачаных у забойстве маладой пары ў Менску і мужчыны з Калодзішчаў. Яшчэ адна падсудная Аліна Шульганава прысуджана да 12 гадоў калоніі.

Рабочыя піларамы Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў, абвінавачваліся ў забойстве 3 чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў. Былая актывістка БРСМ, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава абвінавачвалася ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека.

Забойства маладой пары на ул.Алібегава ў Менску адбылося ў снежні 2015 года. 27-гадовая Аліна Шульганава не змірылася з тым, што яе мужчына сышоў да іншай. Жанчына наняла чалавека для выкрадання суперніцы, аднак ажыццявіць гэты план не атрымалася. Тады яна звярнулася за дапамогай да Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарко. Абмяркоўваліся розныя варыянты нанясення пашкоджанняў, у выніку чаго саперніца павінна была праходзіць лячэнне ў шпіталі. У гэты час сама Аліна Шульганава магла б наладзіць адносіны з былым хлопцам. Жанчына абяцала за гэта грашовую ўзнагароду, піша БелТА. Але выканаўцы перастараліся – замест таго, каб збіць суперніцу, забілі і яе, і самога хлопца.

Адразу пасля затрымання стала вядома, што зламыснікі – Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко – датычныя яшчэ і да забойства 59-гадовага жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму са злачынцаў.

Гэта быў ужо другі разгляд справы, нагадвае spring96.org. Першы раз Менгарсуд абвясціў прысуд 6 сакавіка 2017 года: пажыццёвае зняволенне для мужчын і 12 гадоў пазбаўлення волі для жанчыны. 14 ліпеня Вярхоўны суд адправіў справу на паўторны разгляд у суд першай інстанцыі з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах. З першым прысудам не пагадзіліся ўсе бакі працэсу. Падчас слуханняў у Вярхоўным судзе Вячаслаў Сухарко папрасіў замяніць яму пажыццёвае зняволенне расстрэлам, астатнія абвінавачаныя – прасілі больш гуманнага пакарання.

Беларускія праваабаронцы негатыўна ацэньваюць новыя смяротныя прысуды.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары