У Беларусі вылечылі першага пацыента з каронавірусам


На ўваходзе ў Менскую клінічную больніцу інфекцыйных захворванняў, дзе цяпер ляжыць студэнт з Ірану П., які стаў першым афіцыйным носьбітам каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Аналізы першага пацыенту з каронавірусам у Беларусі паказалі адмоўны вынік, падае прэсавая служба Міністэрства аховы здароўя.

«У студэнта з Ірану атрыманы першы адмоўны вынік на наяўнасць РНК коронавируса. Нагадваем – менавіта ён быў першым пацыентам у Беларусі, у якога было дыягнаставалі гэта захворванне. На сённяшні момант пацыент адчувае сябе здавальняюча», – падае ведамства.

Згодна з сусветнай практыкай лячэння каронавіруснай інфекцыі, пацыента могуць выпісаць праз 14 дзён пасля ўсталявання дыягназу і пасля дзвюх адмоўных лабараторных тэстаў.

«Выпіска пацыента запланаваная на канец наступнага тыдня. Таму навучанне ў беларускім універсітэце гэты студэнт пачне трохі пазней сваіх аднакурснікаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Гэта ж правіла тычыцца і яго аднагрупнікаў і педагогаў, за якімі медыкі ўсцяж працягваюць сачыць. Па заканчэнні двухтыднёвага каранціну калегі і выкладчыкі іранца таксама змогуць вярнуцца на заняткі і на працу. На сёння ўсе яны адчуваюць сябе здавальняюча, каронавіруснай інфекцыі ў іх не знайшлі.

Таксама, паводле міністэрства, адчуваюць сябе здавальняюча ўсе шэсць афіцыйных пацыентаў, у якіх знайшлі інфекцыю: у іх няма прыкметаў захворвання, тэмпература цела нармальная. Іх таксама змогуць выпісаць па заканчэнні 14-дзённага каранціну і дзвюх адмоўных тэстаў.

Каронавірус у грамадзяніна Ірану, які вучыцца цяпер на трэцім курсе механіка-тэхналагічнага факультэту БНТУ, выявілі 25 лютага.

Паводле стану на 7 сакавіка, у свеце зарэгістраваныя 98 192 выпадкі каронавіруснай інфекцыі ў 89 краінах.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў