У Беларусі выканалі два смяротныя прысуды


Падчас разгляду ў Вярхоўным Судзе апеляцыі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарка, якім прызначылі смяротны прысуд за забойства трох асобаў, стала вядома пра выкананне прысуду ў дачыненні да двух смяротнікаў.

Падчас працэсу Вячаслаў Сухарка распавёў, што правёў у камеры смяротнікаў чатыры месяцы.

«Я сядзеў у камеры смяротнікаў, у якіх прысуд ужо ўступіў у сілу. З 15 на 16 траўня забралі з камеры Міхаленю і Лётава», – распавёў Вячаслаў Сухарко.

33-гадовага Аляксея Міхаленю прысудзілі да пакарання смерцю за забойства двух суседзяў-пенсіянераў. Злачынства было здзейсненае ў сакавіку 2016 га ў Нароўлі: у двары прыватнага дому знайшлі 59-гадовага пенсіянера, а ў склепе – ягоную 61-гадовую сястру. Абвінавачаны раней меў судзімасці за крадзеж і забойства ў падлеткавым узросце.

Пра прысуд 31-гадоваму Віктару Лётаву, пра які стала вядома ад праваабаронцаў, распавёў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Калінковіч. Паводле яго, ён быў вынесены восенню 2017 года, злачынства адбылося ў папраўчай калоніі-13 у Глыбокім.

«Аб’ектыў» пра смяротнае пакаранне ў Беларусі

Каментуючы гэты прысуд Калінковіч заявіў:

«Ніхто гэтага смяротніка не хаваў. Справа разглядалася ў адкрытым рэжыме, інфармацыя пра гэта друкавалася ў адкрытым доступе. На жаль, чалавек здзейсніў ужо трэцяе забойства ў сваім жыцці, адбываючы пакаранне за забойства».

Паводле апошніх звестак, смяротнага ў Беларусі чакаюць чатыры асобы, сярод якіх Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко, якія сёння абскарджваюць рашэнне суда.

Нагадаем, Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў